Пошук

Vatican News
Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты  (AFP or licensors)

Францішак: стыль д’ябла – раз’юшанасць

Дэман дзейнічае разбуральным чынам, выкарыстоўваючы асаблівы стыль – раз’юшанасць. Гэта тое, з дапамогай чаго ён спрабаваў адвесці Езуса ад Крыжа, - заўважыў Папа 11 сакавіка 2020 г. у сваёй гаміліі.

Падчас Эўхарыстыі ў капліцы Дома св. Марты, якую ватыканскія медыя трансліравалі ў прамым эфіры, Францішак нагадаў словы Хрыста да Дванаццаці, калі яны разам ішлі ў Ерузалем, што Сын Чалавечы павінен быць выдадзены першасвятарамі і кніжнікамі на смерць.

“Гэта больш, чым смяротны прысуд, гэта прыніжэнне і ўпартасць. І калі гэта звязана з пераследам хрысціяніна, канкрэтнай асобы, за гэтым стаіць сатана”, - падкрэсліў Папа.

Ён заўважыў, што злы дух валодае двума спосабамі дзеяння: спачатку спакушае мірскімі абяцаннямі, як гэта рабіў з Езусам у пустыні, а калі гэта не працуе, выкарыстоўвае раз’юшанасць. Д’ябал не пераборлівы ў сродках, таму што яго гонар настолькі вялікі, што ён з лютасцю спрабуе знішчыць усё, - адзначыў Святы Айцец.

У гэтым кантэксце Пантыфік нагадаў пра пераслед многіх святых, хрысціян, якіх не толькі забіваюць, але і прымушаюць пакутаваць, пераследнікі імкнуцца ўсімі сіламі іх прынізіць. Звычайны сацыяльны, палітычны ці нават рэлігійны пераслед не варта блытаць з гневам д’ябла, які знішчае раз’юшана.

Відэа св. Імшы з Папам

Папа адзначыў, што хоць побач з Езусам былі ўкрыжаваны два разбойнікі, абражалі і высмейвалі толькі Яго. Хрыстус сам кажа гэта ў сённяшнім урыўку Евангелля св. Мацвея (20, 17-28): “І яны асудзяць Яго на смерць, і аддадуць Яго язычнікам на здзек, бічаванне і ўкрыжаванне”.

Маці сыноў Зэбэдэя просіць Езуса, каб яе дзеці былі “пры ўладзе”, – гэта адваротнае таму прыніжэнню, якое павінна стаць Яго лёсам, і, адпаведна, лёсам Яго вучняў. Ганарыстасць, дух свету – менавіта тое, што прапануе д’ябал за адмову Езуса ад крыжа. Самарэалізацыя, кар’ерызм, поспех у свеце: усе гэтыя шляхі нехрысціянскія, усе яны вядуць да адмовы ад Крыжа Езуса, - заўважыў Францішак.

Ён пажадаў удзельнікам трансляцыі св. Імшы, не забываць, што там, дзе ёсць гнеў, ёсць і нянавісць і помста пераможанага д’ябла. І гэта працягваецца ў Касцёле і па сённяшні дзень, - папярэдзіў Святы Айцец. Ён заклікаў узгадаць шматлікіх хрысціян, якіх жорстка пераследуюць, нагадаўшы пра Асію Бібі, якая пакутавала 9 гадоў у пакістанскай турме.

Францішак заклікаў прасіць у Бога ласку адрозніваць Яго шлях, які з’яўляецца Крыжам, ад шляху гэтага свету – “мітусні, знешнасці і макіяжу”.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 сакавіка 2020, 13:59
Чытаць усё >