Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы. Ілюстрацыйнае фота Папа падчас св. Імшы. Ілюстрацыйнае фота 

Папа: дзякаваць Богу за тых, хто спадарожнічае нам у жыцці

Ранішняя Эўхарыстыя, якую 14 лютага 2020 г. цэлебраваў Францішак, прайшла ў цёплай, сямейнай атмасферы. У ёй прыняў удзел персанал папскай ватыканскай рэзідэнцыі.

Нагодай стала развітанне з Патрыцыяй, работніцай Дома св. Марты, якая выходзіць на пенсію пасля 40 гадоў працы ў Ватыкане.

У гаміліі Пантыфік заўважыў, што сям’я можа складацца не толькі з “бацькі, маці, братоў, дзядзькаў і цётак, бабуль і дзядуль”, але і ўключаць людзей, якія “суправаджаюць нас на жыццёвым шляху”: блізкіх, сяброў, калегаў па працы ці вучобе. “Мы не самотныя. Пан хоча, каб мы былі народам, супольнасцю, а не эгаістамі, бо эгаізм – гэта грэх”, - заўважыў ён.

Францішак па імені ўзгадаў шматлікіх супрацоўнікаў сваёй рэзідэнцыі: Луізу, Крысціну, сястру Марыю, якая прыйшла зусім маладой, а потым менавіта тут вырашыла стаць манахіняй. Ён назваў таксама “тых, каго больш няма”: Мірыям, якая адышла разам з сваім дзіцяткам; Эльвіру, што была прыкладам барацьбы за жыццё да канца... Папа ўспомніў людзей, якія ўжо выйшлі на пенсію ці змянілі месца працы. За кожным імем стаіць прысутнасць, гісторыя, кароткае знаёмства, якое пакінула знак. Гэта людзі, якія рабілі дабро і з якімі часам было цяжка расставацца, - заўважыў ён.

“Будзе добра сёння падумаць пра людзей, якія суправаджаюць нас на жыццёвым шляху, падумаць з удзячнасцю, з жэстам удзячнасці Богу. Дзякую, Пане, за тое, што не пакінуў нас у самоце. Гэта праўда, што ёсць праблемы, што там, дзе ёсць людзі, ёсць плёткі. Таксама і тут. Ёсць малітва, а ёсць і крыватолкі, а часам і грэх супраць любові да бліжняга”, - зазначыў Пантыфік.

У сям’і, калі маюць месца правіны ці канфлікты, просяць прабачэння. “Хацеў бы падзякаваць людзям, якія мяне суправаджаюць і папрасіць прабачэння за слабасці”, - сказаў Папа, запрашаючы зрабіць тое ж удзельнікаў св. Імшы. Ён падзякаваў усім супрацоўнікам сваёй рэзідэнцыі за адданае служэнне.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 лютага 2020, 12:13
Чытаць усё >