Пошук

Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (ANSA)

Папа: Бог уваходзіць толькі ў спагадлівыя і адкрытыя сэрцы

“Лек ад зацвярдзеласці сэрца – гэта памяць”, - лічыць Францішак. Ён заклікаў вернікаў не забываць пра атрыманыя ласкі, каб захоўваць сэрца спагадлівым і здольным на міласэрнасць.

Падчас ранішняй Эўхарыстыі, якая прайшла 18 лютага 2020 г. у ватыканскім Доме св. Марты, Пантыфік спаслаўся на чытанне з Евангелля св. Марка (8,14-21), у якім Езус папярэдзіў вучняў, каб асцерагаліся “закваскі фарысейскай”.

Паводле Францішка, гаворка ідзе пра зацвярдзеласць сэрца. “Божая воля – гэта спагада”, што пацвярджаюць евангельскія словы: “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры” (Мц 9,13). Але прадстаўнікі чатырох ідэалагічных груп часоў Езуса: фарысеі, садукеі, эсэі і зэлоты, мелі цвёрдыя сэрцы, далёкія ад гэтай волі Пана. “У іх не было месца для Божай задумы, не было месца для спагады”, - заўважыў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што “лекам” ад душэўнай зацвярдзеласці з’яўляецца памяць. “Калі сэрца становіцца зацвярдзелым, калі становіцца каменным, мы забываем. Мы забываем пра ласку збаўлення, пра дар. Цвёрдае сэрца вядзе да сварак, войнаў, эгаізму, знішчэння брата, бо ў ім адсутнічае спагада. Самым цудоўным пасланнем з’яўляецца пасланне пра тое, што Бог спагадлівы да нас. У Евангеллі рэфрэнам паўтараецца слова “літуецца”, калі Езус бачыць чалавека ці балючую сітуацыю: Езус – гэта літасць Айца; Езус – гэта аплявуха для любога роду зацвярдзеласці сэрца”, - сцвердзіў Францішак.

Пантыфік заклікаў вернікаў прасіць аб ласцы “неідэалагізаванага”, чуллівага, адкрытага і спагадлівага сэрца, уважлівага да слоў Езуса: “Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне” (Мц 25,35-36). Святы Айцец нагадаў, што Пан не можа ўвайсці ў цвёрдыя, “ідэалагізаваныя” сэрцы; для гэтага патрэбны сэрцы, падобныя да Яго: спагадлівыя і адкрытыя.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 лютага 2020, 13:46
Увесь кантэнт >