Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Пантыфік: быць пільнымі, каб не згубіць пачуццё граху

Не дайсці да таго стану, калі ўсё здаецца дазволеным, - заклікаў Пантыфік падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 31 студзеня 2020 г. цэлебраваў у ватыканскім Доме св. Марты.

Францішак спаслаўся на літургічнае чытанне з Другой кнігі Самуэля (2 Сам 11, 1-4а. 5-10а. 13-17). Ён прыгадаў гісторыю караля Давіда, які паддаўся “мірскому” ладу жыцця і цалкам забыў, што быў выбраны Богам. Давід паступова дайшоў да такога стану, што нават учыніўшы чужалоства і забойства, вельмі сур’ёзныя грахі, працягваў весці спакойнае жыццё, - сказаў Папа.

“Існуюць імгненныя грахі – гнеў, абраза, – якія я не магу кантраляваць, але ёсць таксама грахі, да іх даходзіш паступова, дзякуючы мірскому духу. Дух гэтага свету прыводзіць цябе да чынення такіх рэчаў, нібыта яны нармальныя. Да забойства...”, - сказаў Святы Айцец.

“Гэта адна з бедаў нашага часу, аб чым казаў яшчэ Пій ХІІ: згуба ўсведамлення граху”, - дадаў ён. Францішак заўважыў, што ў такім стане чалавеку пачынаецца здавацца нармальным нават забіць іншага. Каб не дайсці да гэтага патрэбна выхаванне, прысутнасць кагосьці побач, хто дасць аплявуху і дапаможа спыніцца.

Папа заклікаў вернікаў задумацца пра духоўную атмасферу, у якой яны жывуць, прыслухоўвацца да заўвагаў сябра, спаведніка, мужа, жонкі, дзяцей – людзей, які могуць сказаць праўду. Ён папярэдзіў, што калі “святы кароль Давід” змог дайсці да такога стану, “таксама і з намі гэта можа здарыцца”.

“Спытаемся ў сябе: у якой атмасферы я жыву? Няхай Пан адорыць нас ласкай, каб маглі паклікаць прарока, якім можа быць наш сусед, сын, маці, бацька, і які можа даць нам аплявуху, калі сыходзім да той атмасферы, у якой усё здаецца дазволеным”, - закончыў гамілію Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 студзеня 2020, 11:26
Чытаць усё >