Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Папа: мір у свеце пачынаецца з міру ў чалавечым сэрцы

Немагчыма быць хрысціянінам і “сейбітам вайны” у сям’і, на вуліцы, на працоўным месцы, - падкрэсліў Папа 9 студзеня 2019 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў у капліцы Дома св. Марты.

У гаміліі Францішак заўважыў, што свет поўны канфліктаў і войнаў, таму важна маліцца аб міры для ўсіх. У той жа час, ён заклікаў задумацца пра тое, як мір можа наступіць у свеце, калі яго няма ў сэрцах людзей, калі яны пастаянна знаходзяцца ў стане вайны, калі няспынна прагнуць мець больш, калі жадаюць панаваць і ўзвышацца. “Калі не маем спакою ў сэрцах, як ён можа быць у свеце?”, - спытаў Пантыфік.

Паводле Францішка, каб дасягнуць духоўнага міру, трэба “прабываць у Пану”, бо “дзе ёсць Пан – там ёсць мір”. Ён зазначыў, што таямніцай прабывання ў еднасці з Богам з’яўляецца любоў адно да аднаго. Каб любоў не была паказной і “серыяльнай”, трэба заўсёды казаць добра пра іншых людзей, а “калі не магу сказаць нічога добрага, замыкаю вусны”, не пляткару і не распавядаю брудных рэчаў, заўважыў Папа. Зайздрасць, нянавісць, плёткі – усё гэта вядзе да войнаў, знішчэння бліжняга; гэта спакусы д’ябла, які хоча, каб ішлі войны паміж людзьмі.

Святы Айцец патлумачыў, што д’ябал распальвае “полымя вайны” у чалавечых сэрцах і застаецца задаволеным, таму што яму больш нічога не трэба рабіць: людзі самі пачынаюць знішчаць сябе.

Францішак заклікаў маліцца аб дары трывалага міру, які ёсць дарам Святога Духа, а таксама імкнуцца заўсёды заставацца ў еднасці з Богам.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 студзеня 2020, 12:22
Чытаць усё >