Пошук

Vatican News
Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты  (ANSA)

Францішак: Бог вядзе, суцяшае і папраўляе з ласкавасцю

Папа разважаў над урыўкам з кнігі прарока Ісаі (40, 1-11), які пачынаецца словамі: “Суцешце, суцешце народ Мой!”. 10 снежня 2019 г. ён узначаліў ранішнюю св. Імшу ў капліцы Дома св. Марты.

Францішак заўважыў, што Бог заўсёды суцяшае чалавека, за выключэннем тых сітуацыі, калі апошні сам не дазваляе суцешыць сябе. Пан вядзе свой народ, суцяшае яго, папраўляе яго з бацькоўскай ласкавасцю, - нагадаў ён, цытуючы кнігу Ісаі: “Як пастыр, Ён будзе пасвіць статак свой; ягнятаў будзе браць на рукі і насіць на грудзях сваіх, з клопатам будзе вадзіць кормячых авечак”.

“Пан вядзе свой народ, Пан кіруе сваім народам, Пан папраўляе яго, Пан карае яго з ласкавасцю. Ласкавасць, пяшчота Бога – гэта не дыдактычны ці дыпламатычны метад Бога: гэта ідзе знутры, гэта радасць, якую Ён мае, калі грэшнік звяртаецца да Яго. І радасць робіць Яго ласкавым”

, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што радасць Бога ад пакаяння грэшніка можна параўнаць з той, якую адчуў міласэрны айцец з евангельскай прыпавесці, калі ўбачыў, што яго блудны сын вяртаецца дамоў, а таксама з той, якую меў пастыр, што пакінуў увесь статак, адправіўся на пошукі адной, згубленай авечкі, і знайшоў яе.

Менавіта такую радасць адчувае Бог, “калі мы дазваляем яму прабачыць нас, калі прыходзім да Яго, каб папрасіць прабачэння”. Яго радасць выліваецца ў ласкавасць, і гэта суцяшае нас, - перакананы Святы Айцец.

Францішак заклікаў вернікаў не наракаць на цяжкасці, бо гэтым карыстаецца д’ябал, напаўняючы сэрцы людзей духам смутку і горычы, але ісці да Бога, каб сустрэць Яго ласкавасць у суцяшэнні і прабачэнні грахоў.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 снежня 2019, 12:03
Чытаць усё >