Cerca

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Францішак: благаслаўленні – сапраўдны хрысціянскі стыль

Пра сапраўдны хрысціянскі стыль, вызначаны ў евангельскіх благаслаўленнях, казаў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 21 студзеня 2019 г. цэлебраваў у Доме св. Марты.

У гаміліі Папа спаслаўся на евангельскую прыпавесць пра “новае віно” і “новыя мяхі” (Мк 2,18-22), каб прадэманстраваць, якім з’яўляецца хрысціянскі стыль паводзін. Спачатку, аднак, важна зразумець, які стыль не з’яўляецца хрысціянскім, лічыць Пантыфік.

У першую чаргу, гэта “абвінаваўчы стыль”, які праяўляецца, калі вернікі імкнуцца абвінаваціць іншых людзей, шукаючы іх хібы, асуджаючы. Папа назваў такія паводзіны “стылем д’ябла”. “У Бібліі д’ябал называецца “вялікім абвінаваўцам”, які заўсёды абвінавачвае іншых”, - нагадаў ён.

Другой праявай не-хрысціянскіх паводзін Францішак назваў “стыль гэтага свету”. Яго маюць католікі, якія могуць вызнаваць веру на словах, але жывуць “марнасцю, пыхай, прывязанасцю да грошай”, лічаць сябе самадастатковымі.

“Пан дае табе новае віно, але ты не змяніў мяхі. Дух гэтага свету – гэта тое, што псуе шмат людзей! Добрыя людзі, але ў іх уваходзіць дух гэтага свету, пыхі, жадання быць на вачах ва ўсіх... Няма пакоры, а пакора – гэта хрысціянскі стыль. Мы павінны вучыцца ёй ад Езуса, Маці Божай, св. Юзафа, якія былі пакорнымі”

, - сказаў Папа.

Трэці не-хрысціянскі стыль, “заўважны ў нашых супольнасцях”, гэта “дух эгаізму і абыякавасці”. Ён праяўляецца, калі чалавек лічыць сябе добрым католікам, робіць свае справы, але пры гэтым не турбуецца “пра праблемы іншых”; яго не турбуе наяўнасць войнаў, хвароб, пакут.

Святы Айцец падкрэсліў, што па-сапраўднаму хрысціянскі стыль вызначаны ў евангельскіх благаслаўленнях: “лагоднасць, пакора, цярплівасць у пакутах, любоў да справядлівасці, здольнасць зносіць пераслед, не асуджаць іншых”.

“Вось хрысціянскі стыль, стыль хрысціяніна. Калі хочаш пазнаць хрысціянскі стыль, каб не паддацца стылю абвінаваўчаму, стылю гэтага свету, стылю эгаістычнаму, глядзі на благаслаўленні. Вось наш стыль, благаслаўленні – гэта новыя мяхі, гэта шлях”, - падкрэсліў Францішак на заканчэнне гаміліі.

Рэпартаж з капліцы Дома св. Марты
Навіна ў фармаце аўдыё
21 студзеня 2019, 13:18
Чытаць усё >