Cerca

Vatican News
Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы Дому св. Марты Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы Дому св. Марты  (Vatican Media)

Папа падчас ранішняй Імшы: дазволь міласэрнасці весці сябе

Разважаючы над гісторыяй Мацвея, зборшчыка падаткаў, Францішак падкрэсліў неабходнасць памяці пра сваё паходжанне, як хрысціяніна – гэта важна, каб не стаць “прадпрымальнікам Божага Валадарства”.

21 верасня 2018 г. ён узначаліў ранішнюю св. Імшу ў Ватыкане і засяродзіўся над фрагментам Евангелля аб пакліканні мытніка Мацвея (Мц 9, 9-13).

Мацвей быў карупцыянерам і здраднікам свайго народу. І некаторыя думалі, што Езус не кіруецца здаровым сэнсам, калі выбірае людзей. Тым не менш, гэта выбар Збаўцы. І ў далейшым жыцці Касцёла многія пазнейшыя святыя прыходзілі да Бога з самага “дна”. На думку Папы, кожнаму хрысціяніну важна не забывацца, што ён грэшнік, але быў абраны і прабачаны Панам.

“Калі апостал забываецца пра сваё паходжанне і пачынае рабіць кар’еру, адварочваецца ад Пана і становіцца функцыянерам: робіць усё добра, але ён больш не апостал”

, - папярэдзіў Святы Айцец.

Такая асоба распрацоўвае душпастырскія праграмы, шмат плануе, але ў канчатковым выпадку, гэта “прадпрымальнік Божага Валадарства, бо забыўся, адкуль ён быў выбраны”. Таму “памяць пра паходжанне” павінна суправаджаць жыццё апостала і кожнага хрысціяніна, звярнуў увагу Папа.

За сталом у доме Мацвея сядзелі сябры мытніка, найгоршыя з найгоршых грамадства таго часу, і Езус з імі, нагадаў Папа. Гэта абурала фарысеяў. А Збаўца адказаў проста: “Не здаровым патрэбны лекар, але хворым. Пайдзіце, навучыцеся, што значыць “міласэрнасці хачу, а не ахвяры”. Бо Я не прыйшоў клікаць праведнікаў, але грэшнікаў”.

“Разуменне міласэрнасці Пана - зрабіў выснову Францішак, - гэта таямніца; самая вялікая таямніца, самая прыгожая, сэрца Бога. Калі ты хочаш пазнаць сэрца Бога, стань на шлях міласэрнасці, і дазволь міласэрнасці весці сябе”.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 верасня 2018, 10:48
Чытаць усё >