Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (© Vatican Media)

Папа: маўчанне і малітва – адказ на правакацыі і спробы падзелу

На спробы правакацыі “скандалу” і “падзелаў” трэба адказваць толькі маўчаннем і малітвай. “Пан дае нам ласку, каб распазнаваць, калі мы павінны казаць, а калі маўчаць”, - перакананы Папа.

3 верасня 2018 г. Францішак цэлебраваў першую пасля летняга перапынку ранішнюю Эўхарыстыю з вернікамі ў капліцы ватыканскага Дома св. Марты. У гаміліі ён спаслаўся на літургічны евангельскі ўрывак (Лк 4,16-30), у якім апавядаецца пра непрыняцце Езуса жыхарамі Яго роднага Назарэта.

Паводле Папы, праз гэта апавяданне Божае слова дапамагае нам “задумацца пра тое, як паступаць у штодзённым жыцці, калі ўзнікаюць непаразуменні” і усвядоміць, што “бацька хлусні, абвінаваўца, д’ябал, дзейнічае, каб разбурыць адзінства сям’і, адзінства народа”.

Святы Айцец нагадаў, што па прыбыцці ў сінагогу Езус быў прыняты з цікаўнасцю, бо ўсе прагнулі на ўласныя вочы пабачыць вялікія справы, якія Ён чыніў у іншых землях. Але Сын Нябеснага Айца выкарыстоўваў толькі Божае слова, якім прызвычаіўся карыстаўся “калі хацеў перамагчы д’ябла”. Менавіта гэтае Яго пакорнае стаўленне пасеяла сумнеў, прывяло да змены атмасферы: “ад міру да вайны”, “ад захаплення да пагарды”.

“Сваім маўчаннем Езус перамагае “дзікіх сабакаў”, перамагае д’ябла, які “пасеяў ману ў сэрцах””

- падкрэсліў Францішак.

“Гэта былі ўжо не людзі, але зграя дзікіх сабакаў, якія выганялі Яго прэч з горада. Яны не разважалі, але крычалі. Езус жа маўчаў. Яны прывялі Яго на край гары, каб скінуць уніз. Гэты ўрывак Евангелля завяршаецца так: “Але Ён, прайшоўшы паміж імі, адышоў”. Годнасць Езуса: сваім маўчаннем Ён перамог гэту дзікую зграю і адышоў, бо яшчэ не прыйшла Ягоная гадзіна. Тое самае адбудзецца ў Вялікую Пятніцу: народ, які ў Пальмовую Нядзелю ўчыніў свята для Езуса і казаў: “Благаслаўлёны Ты, Сыне Давіда”, цяпер крычаў: “Укрыжуй”. Народ змяніўся. Д’ябал пасеяў хлусню ў сэрцах. Езус жа маўчаў”, - заўважыў Папа.

Паводле Францішка, з дапамогай гэтага евангельскім урыўка Езус “вучыць нас, што калі прысутнічае падобнае стаўленне, незаўважанне праўды, нам застаецца толькі маўчаць”.

“Маўчанне, якое перамагае, але праз крыж. Маўчанне Езуса. Колькі разоў у сем’ях пачынаюцца дыскусіі аб палітыцы, спорце, грошах і часам здараецца так, што ў канчатковым выніку сем’і прыходзяць да распаду, праз гэтыя спрэчкі, у якіх бачна прысутнасць д’ябала, які жадае распаду... Маўчанне. Сказаць, што думаеш, а потым замоўкнуць, бо праўда – ціхая, праўда – маўклівая, праўда не стварае шуму. Тое, што рабіў Езус – гэта нялёгка, але ёсць годнасць хрысціяніна, укаранёная ў Божай сіле”, - параіў Пантыфік.

“З людзьмі, якія не маюць добрай волі, з людзьмі якія шукаюць толькі скандалу, якія шукаюць толькі падзелаў, якія шукаюць толькі знішчэння, у тым ліку ў сям’і, трэба захоўваць маўчанне. І маліцца”

- дадаў Святы Айцец.

Сваю гамілію Францішак закончыў малітвай аб ласцы распазнання таго, калі трэба казаць, а калі маўчаць. “І гэта тычыцца ўсяго жыцця: на працы, у сям’і, у грамадстве... ва ўсім жыцці. Так мы будзем большымі наследавальнікамі Езуса”, - падкрэсліў Папа.

Рэпартаж аб св. Імшы ў рэзідэнцыі Папы
Навіна ў фармаце аўдыё
03 верасня 2018, 12:21
Чытаць усё >