Пошук

Vatican News
Папа падчас Эўхарыстыі ў Доме св. Марты Папа падчас Эўхарыстыі ў Доме св. Марты  (Vatican Media)

Пантыфік: д’ябал не церпіць вобразу Бога ў чалавеку

Трывае пераслед не толькі хрысціян, але ўсіх людзей праз “культурную каланізацыю, войны, голад, рабства”, сказаў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 1 чэрвеня 2018 г. у Доме св. Марты.

Спасылаючыся на літургічнае чытанне з Першага паслання св. Пятра (4,7-13), Пантыфік заўважыў, што выпрабаванні, звязаныя з пераследам, “складаюць частку хрысціянскага жыцця”, з’яўляюцца “благаслаўленнем”, бо нават сам Езус падвяргаўся пераследу “за сваю вернасць Айцу”. Ён нагадаў пра вялікую колькасць сучасных мучанікаў, асобаў, якіх пераследуюць за любоў да Хрыста.

“[У многіх краінах хрысціяне не маюць правоў. Калі носіш крыж – пойдзеш у турму. Ёсць людзі, асуджаныя на смерць за тое, што з’яўляюцца хрысціянамі. Але гэта не робіць навіны. Таму ў выпусках навін, у газетах не гаворыцца пра такія рэчы. Тым не менш, хрысціяне падвяргаюцца ганенням]”

- сказаў Святы Айцец.

Францішак звярнуў увагу таксама на пераслед іншага роду. Паводле яго слоў, кожны мужчына і жанчына падвяргаецца ганенням “за тое, што з’яўляецца жывым вобразам Бога”, і правакуе гэтыя ганенні д’ябал.

“Ад самага пачатку ён спрабаваў зрабіць гэта – можам пачытаць у Кнізе Быцця! – знішчыць гармонію паміж мужчынам і жанчынай, якую Пан стварыў. Гэта гармонія паходзіць ад быцця вобразам і падабенствам Бога. І ён здолеў зрабіць гэта з дапамогай падману, спакушэння, з дапамогай гэтай зброі, якую выкарыстоўвае. Ён заўсёды робіць так”, - сказаў Пантыфік.

“[Таксама і сёння ёсць сіла, ёсць лютасць, накіраваная супраць чалавека, бо інакш немагчыма патлумачыць гэту растучую дэструктыўную хвалю, накіраваную на мужчыну і жанчыну, на чалавецтва]”

- лічыць Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што часткай ганенняў супраць чалавека з'яўляецца голад, які прыводзіць да шматлікіх пакут і смерцяў, нягледзячы на тое, што ў свеце дастаткова ежы; эксплуатацыя, розныя формы рабства і катаванняў; культурная каланізацыя, навязванне рэчаў, якія вядуць да смерці; войны і звязаная з імі вытворчасць зброі.

“Імперыі працягваюць ганенні сёння. Мы не павінны быць наіўнымі. Сёння ў свеце не толькі хрысціяне падвяргаюцца пераследу, а ўсе людзі, мужчына і жанчына, таму што бацька кожнага пераследу не церпіць таго, што існуе вобраз і падабенства Бога. Ён нападае і знішчае гэты вобраз. Зразумець гэта нялёгка. Трэба шмат маліцца, каб зразумець гэта”, - сказаў Францішак на заканчэнне сваёй гаміліі.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 чэрвеня 2018, 12:45
Чытаць усё >