Пошук

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

33-годдзе заснавання дыяцэзій адзначылі ў Мінску і Гродне. 13 красавіка 2024 года ў мінскай катэдры цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі – трэці Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Як падкрэсліў іерарх, "усе, хто ўтварае архідыяцэзію, запрошаныя да таго, каб быць прыкладам і натхненнем адзін для аднаго, быць адважнымі і вернымі носьбітамі Божага святла, праўды і любові". У той жа дзень у гродзенскай катэдры Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсіх жыхароў рэгіёна ўзначаліў ардынарый Аляксандр Кашкевіч, разам з ім маліўся біскуп-намінат Уладзімір Гуляй.

Абвешчана ініцыятыва Дар сэрца для Касцёла на Магілёўшчыне. Пра гэта паведаміў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў сваім звароце на Нядзелю Добрага Пастыра. Адзначыўшы, што "мы ўсе адказныя за наш Касцёл і разам закліканы будаваць тут Містычнае Цела Хрыста", іерарх нагадаў пра сціплыя па колькасці супольнасці. Сярэднестатыстычная парафія на Магілёўшчыне налічвае каля 15-20 асоб. Мэтай ініцыятывы з’яўляецца арганізацыя дапамогі парафіям у душпастырскай дзейнасці, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў і аплаты бягучых выдаткаў. Гэта будзе рэалізавана праз збор ахвяраванняў ва ўсіх парафіях архідыяцэзіі.

З новым законам пазнаёміў біскупаў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Падчас пасяджэння біскупскай канферэнцыі 17 красавіка 2024 года Аляксандр Румак распавёў пра змены закона "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях". Біскуп Аляксандр Яшэўскі прадставіў вынікі працы над Дакументам першага этапу Сіноду Біскупаў з боку кансэкраваных асобаў у Беларусі. Была абмеркавана праграма Будслаўскіх урачыстасцяў, якія адбудуцца 5-6 ліпеня, арганізацыйныя пытанні Агульнабеларускай сустрэчы моладзі ў Браславе 19-21 ліпеня.

Пасяджэнне настаяцеляў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў адбылося з удзелам Апостальскага нунцыя. 11 красавіка 2024 года арцыбіскуп Антэ Ёзіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы на сустрэчы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі. Прадстаўнік Папы Францішка нагадаў манаскім асобам пра неабходнасць "радаснага сведчання".

Біскуп Юрый Касабуцкі ўдзяліў святарскае пасвячэнне капуцыну Паўлу Кузьмічу. Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўзначаліў урачыстасць 13 красавіка 2024 года ў касцёле святога Піо ў Маладзечне. Падтрымаць брата Паўла і падзякаваць Богу за яго пакліканне прыехалі капуцыны з усёй Беларусі і з-за мяжы, а таксама сябры і родныя. Ва ўрачыстасці пасвячэння ўзяў удзел Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Вядомыя мастакі перадалі свае працы парафіям у Мёрах і Навагрудку. 13 красавіка 2024 года ў дар парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах мастак Вячаслаў Шамшур перадаў чатырнаццаць сваіх работ, прысвечаных яго малой радзіме. А ў Навагрудку на юбілей 400-годдзя касцёла свае працы падарылі парафіі адразу некалькі мастакоў – у тым ліку, Віктар Сагановіч, Аляксандр Грышкевіч, Павел Татарнікаў. Творы маюць тры асноўныя напрамкі: святы Дамінік і дзейнасць дамініканаў на Навагрудчыне, будынак касцёла, постаць Святога Арханёла Міхала. Працы майстроў будуць змешчаныя ў парафіяльным доме.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

20 красавіка 2024, 09:21