Пошук

Удзельнікі пленарнага пасяджэння COMECE Удзельнікі пленарнага пасяджэння COMECE 

COMECE: пашырэнне ЕС дазваляе споўніць мару пра адзіную Еўропу

“Працягнем разам будаваць Еўропу” – дэкларацыю пад такім загалоўкам выдалі ўдзельнікі пленарнай асамблеі Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE).

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дакумент быў абнародаваны 22 красавіка 2024 года па выніках пасяджэння, якое прайшло ў польскай Ломжы. Яно было прысвечана 20-годдзю пашырэння Еўрапейскага саюза ў 2004 годзе. Тады ў склад гэтага аб’яднання ўвайшлі дзесяць дзяржаў: Венгрыя, Кіпр, Латвія, Літва, Мальта, Польшча, Славакія, Славенія, Чэхія і Эстонія.

Дэлегаты каталіцкіх епіскапатаў нагадалі, што працэс еўрапейскай інтэграцыі ад самага пачатку карыстаўся падтрымкай Касцёла і садзейнічаў уз’яднанню народаў кантынента, прасоўванню міру, свабоды, дэмакратыі, вяршэнства закона, павагі правоў чалавека і росквіту. На іх думку, пашырэнне ЕС у 2004 годзе стала важным крокам да адзінай Еўропы, якая, згодна з метафарай святога Яна Паўла ІІ, мае два “лёгкія” – Усход і Захад.

Удзельнікі пасяджэння COMECE заўважылі, што павелічэнне разнастайнасці Еўрасаюза ў 2004 годзе прывяло да ўзнікнення новых выклікаў, звязаных з неабходнасцю ўмацавання сапраўднага еўрапейскага духу і агульнай адказнасці за забеспячэнне адзінства, якое можа падрывацца спакусай ставіць асабістыя інтарэсы над агульным дабром.

У дэкларацыі падкрэсліваецца таксама, што “захопніцкая вайна Расіі супраць Украіны” і геапалітычныя падзеі ў суседніх з ЕС краінах абудзілі новую цікавасць да членства ў Еўрапейскім Саюзе, асабліва на Балканах і ва Усходняй Еўропе. “Гэта не толькі геапалітычная неабходнасць для забеспячэння стабільнасці на нашым кантыненце, але таксама магутны сігнал надзеі грамадзян, якія прагнуць жыць у міры і справядлівасці”, - напісалі біскупы.

Прадстаўнікі епіскапатаў нагадалі, што сяброўства ў ЕС вымагае ад краін-кандыдатаў правядзення глыбокіх структурных рэформ. Еўрасаюз, у сваю чаргу, павінен забяспечыць надзейны і справядлівы працэс далучэння, а таксама разглядаць працэс пашырэння, як магчымасць рэалізаваць ідэю аб адзінай Еўропе, укаранёнай на практычнай салідарнасці, і нанава адкрыць ідэалы, якімі кіраваліся яе заснавальнікамі.

СOMECE заклікае ЕС пераасэнсаваць механізмы кіравання і ўлічваць наступствы сваёй палітыкі для насельніцтва, асабліва для найбольш уразлівых слаёў у цяперашніх і будучых краінах-членах.

“Спадзеючыся на развіццё працэсу еўрапейскай інтэграцыі, мы таксама адчуваем патрэбу заклікаць да больш глыбокага асэнсавання нашай агульнай каштоўнаснай базы і асаблівых сувязяў, якія аб’ядноўваюць нас як еўрапейскую сям’ю”, - напісалі дэлегаты, нагадваючы словы Папы Францішка пра тое, што “ў Еўропы ёсць будучыня, калі яна будзе па-сапраўднаму аб’яднанай, цэнячы адзінства ў разнастайнасці”.

“Прынцыпы субсідыярнасці, павагі да розных традыцый і культур, якія разам утвараюць Еўропу, прасоўванне па шляху практычнай салідарнасці, а не ідэалагічнага навязвання – з’яўляюцца фундаментальнымі. Як Каталіцкі Касцёл мы гатовы падтрымаць гэтыя намаганні”, - напісалі ўдзельнікі пленарнага пасяджэння COMECE, давяраючы працэс еўрапейскай інтэграцыі Багародзіцы і святым апекунам Еўропы.
 

22 красавіка 2024, 11:50