Пошук

2024.04.16 Conferenza Episcopale Colombiana - morte cardinale Pedro Rubiano Sáenz

Памёр Кардынал Пэдра Руб’яна Саенс. Спачуванні Пантыфіка

Ва ўзросце 91 года ў сваёй рэзідэнцыі ў Багаце 15 красавіка 2024 года памёр кардынал Пэдра Руб’яна Саенс. Ён тройчы быў старшынёй калумбійскага епіскапату і арцыбіскупам Багаты на працягу 16 гадоў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Атрымаўшы “сумную вестку” аб смерці калумбійскага іерарха, Францішак выказаў свае шчырыя спачуванні яго родным і сваякам, а таксама ўсім католікам краіны. Ён назваў Саенса “самаахвярным пастырам, які сваёй адданасцю і працай ахвяраваў жыццё на карысць Касцёла”. Папа даручыў памерлага “мацярынскаму заступніцтву Багародзіцы з Чыкінкіры” і “з любоўю перадаў суцяшальнае апостальскае благаслаўленне, як знак веры і надзеі ва Уваскрослага Хрыста”.

Кардынал Руб’яна Саенс быў моцным праціўнікам легалізацыі абортаў на сваёй Радзіме. Ён лічыўся адным з найбольш уплывовых прадстаўнікоў Касцёла ў Паўднёвай Амерыцы. За межамі Калумбіі стаў вядомы як віцэ-старшыня Міжнароднай каталіцкай камісіі па справах міграцыі і бежанцаў у Жэневе. У Калумбіі ў жніўні 1995 года заснаваў Камісію па нацыянальным прымірэнні, каб дапамагчы знайсці палітычныя рашэнні ўзброенага канфлікту і суправадзіць мірныя намаганні. Ён трапіў у загалоўкі газет, калі публічна раскрытыкаваў былога прэзідэнта Эрнэста Сэмпера за хабары ад наркамафіі.

Пасля смерці Пэдра Руб’яна Саенса Калегія кардыналаў налічвае 237 іерархаў, у тым ліку 128 ва ўзросце да 80 гадоў – яны маюць права ўдзельнічаць у магчымым канклаве.
 

17 красавіка 2024, 12:37