Пошук

Кардынал Марыё Дзэнары Кардынал Марыё Дзэнары 

Кардынал Дзэнары: беднасць у Сірыі не перамагчы міласцінай

Дапамогі сірыйскаму насельніцтву становіцца ўсё менш, - з жалем заўважыў кардынал Марыё Дзэнары, Апостальскі нунцый у Сірыі. Іерарх нагадаў, што вайна ў гэтай краіне, практычна забытая ўсімі, ідзе ўжо чатырнаццаць гадоў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“На жаль, згодна са статыстыкай ААН, сітуацыя кепская і павінна пагоршыцца яшчэ больш. Павялічылася колькасць людзей, якія маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе – іх стала на 9% больш, чым ў мінулым годзе: гаворка ідзе пра тры чвэрці сірыйскага насельніцтва, якія жывуць у стане нястачы – гэта 16,7 мільёнаў чалавек”, - падзяліўся прадстаўнік Папы падчас 44-й Канферэнцыі італьянскіх дыяцэзіяльных аддзяленняў Caritas, якая прайшла ў горадзе Града, на поўначы краіны.

Кардынал Дзэнары падкрэсліў, што 90% насельніцтва Сірыі апынулася за рысай беднасці. Ён згадаў таксама пра “сур’ёзную і невырашальную праблему” вяртання перамешчаных асоб і бежанцаў. Большасць з іх знаходзіцца ў Ліване, які больш не мае сіл і рэсурсаў для забеспячэння прытулку для такой вялікай колькасці людзей.

Папскі дыпламат адзначыў, што вырашыць праблему беднасці ў Сірыі немагчыма з дапамогай міласціны. “Патрэбна палітычнае рашэнне, да якога, на жаль, на думку аналітыкаў, яшчэ далёка”, - сказаў ён.

Нунцый заўважыў, што гуманітарнай дапамогі, якая прыбывае ў Сірыі ад каталіцкіх арганізацый становіцца ўсё менш, у тым ліку з-за вайны ў Святой Зямлі і ва Украіне. У гэтай сітуацыі Касцёл намагаецца працягваць рабіць свой уклад, “каб па-братэрску падзяліць пяць хлябоў і дзверы рыбы паміж амаль 17 мільёнамі чалавек”.

Кардынал Дзэнары лічыць, што надзея на мір можа прыйсці з Еўропы. “Шмат людзей пытаюцца ў мяне, як мы можам дапамагчы Сірыі. Я лічу, што бліжэйшыя выбары ў Еўрасаюзе будуць вырашальнай падзеяй: неабходна выбраць людзей, якія зробяць палітычны паварот адносна таго, што адбываецца ў свеце”, - сказаў дыпламатычны прадстаўнік Святога Айца.
 

11 красавіка 2024, 11:03