Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Біскуп-намінат Уладзімір Гуляй падзякаваў за сваё прызначэнне Папу Францішку. 5 красавіка 2024 года падчас афіцыйнага абвяшчэння рашэння Пантыфіка аб прызначэнні лідскага пробашча біскупам-каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Уладзімір Гуляй таксама выказаў словы ўдзячнасці Апостальскаму нунцыю арцыбіскупу Антэ Ёзічу – за падтрымку і парады, біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу – за давер і айцоўскі клопат. "Калі Бог дае заданне, то дае і сваю дабрыню і ласку, каб гэтае заданне выканаць добра, як Ён гэтага хоча. Углядаючыся ў міласцівыя вочы Бога, менавіта гэтага прашу", – адзначыў новапрызначаны біскуп.

У сваё 55-годдзе арцыбіскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў Імшу падзякі. 4 красавіка 2024 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі ў катэдральным касцёле, запрасіўшы ўсіх ахвотных далучыцца да супольнай малітвы. Разам з архіпастырам Імшу падзякі канцэлебравалі біскупы і святары, у малітве ўдзельнічалі родныя і блізкія іерарха, прадстаўнікі дзяржаўнай улады. "Дзякуем Хрысту за збаўленне, за перамогу і дзякуем за пакліканні – не толькі святарскія, але і жыццёвыя. Бо Ён жыве, і хоча, каб мы жылі", – прамовіў арцыбіскуп.

У Віцебску зладзілі імпрэзу, прымеркаваную да Вялікадня і 25-годдзя дыяцэзіі. Літаратурна-музычную вечарыну ў абласной бібліятэцы 4 красавіка 2024 года ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Удзельнікам сустрэчы прапанавалі музычныя і літаратурныя выступленні, прысвечаныя Вялікадню, падрабязнасці пра гісторыю, развіццё і традыцыі Віцебскай дыяцэзіі, а таксама пра яе ролю ў грамадстве.

Валанцёры Сaritas у Маладзечне падзяліліся пасхальнай радасцю з патрабуючымі. 1 красавіка 2024 года валанцёры парафіі святога Казіміра занеслі радасць Уваскрослага Хрыста людзям, якія знаходзяцца у псіханеўралагічным доме-інтэрнаце і аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і пажылых грамадзян. Святочны стол упрыгожвалі фарбаваныя яйкі, булкі, кулічы, пернікі і цукеркі. Пастаяльцы дома-інтэрната атрымалі ад парафіянаў індывідуальныя падарункі, паштоўкі са святам Вялікадня.

У Мінску праходзіць выстава, прысвечаная выдатным каталіцкім святарам першай паловы ХХ стагоддзя. 3 красавіка 2024 года ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры адкрылася экспазіцыя з мэтай узгадаць тых асоб, хто ў свой час прыклаў сілы дзеля таго, каб Божая слова гучала ў Беларусі на роднай мове. Выставу благаславіў старшыня епіскапату біскуп Алег Буткевіч.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

06 красавіка 2024, 09:52