Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Імша Хрызма ў мінскай катэдры сабрала каля ста святароў архідыяцэзіі. 28 сакавіка 2024 года, у Вялікі чацвер, урачыстую цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Заахвоціўшы вернікаў да малітвы за духавенства, арцыпастыр асабліва ўзгадаў святароў, якія з-за хваробы ды іншых прычын не змаглі ўзяць удзел у цэлебрацыі, і тых, якія знаходзяцца ў зняволенні ў вязніцы. Святую Імшу арцыбіскуп цэлебраваў у інтэнцыі прэзбітэрыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Набажэнствы Крыжовага шляху правялі па вуліцах гарадоў Беларусі. У прыватнасці, 23 сакавіка 2024 года ў Гродне ўпершыню за апошнія пяць гадоў набажэнства прайшло ў цэнтры горада пры ўдзеле соцень вернікаў. А ў Мінску на агульнагарадскі Крыжовы шлях католікі сабраліся ў Вялікую сераду на цвінтары касцёла на Залатой Горцы. Набажэнства ўзначаліў Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Ноч канфесіяналаў правялі ў Мінску айцы кармэліты босыя. 29-30 сакавіка 2024 года ў парафіі Божага Цела яны спавядалі ўсю ноч падчас чування пры сімвалічнай Грабніцы Пана. Чуванне працягвацца і ў Вялікую суботу – ажно да Пасхальнай Вігіліі ў святую ноч. Да гэтага часу ў вернікаў ёсць магчымасць прыступіць да сакрамэнту паяднання.

Вернікі са Стоўбцаў прайшлі экстрэмальным Крыжовым шляхам па коласаўскіх мясцінах. 23 сакавіка 2024 года група вернікаў мясцовай парафіі святога Казіміра разам з пробашчам ксяндзом Ігарам Лашуком вырушыла са Стоўбцаў. Траса працягласцю 28 кіламетраў часткова праходзіла па мясцінах, звязаных з народным песняром Беларусі Якубам Коласам. Па дарозе ўдзельнікі набажэнства-пілігрымкі мелі чатырнаццаць прыпынкаў, чытаючы разважанні і адпаведныя малітвы.

У Гродне зладзілі абед для бедных і бяздомных – іх павіншаваў біскуп Аляксандр Кашкевіч. 26 сакавіка 2024 года з нагоды набліжэння Вялікадня свята для маламаёмных і людзей без пэўнага месца жыхарства арганізавалі сёстры назарэтанкі і валанцёры пры падтрымцы дыяцэзіяльнай Caritas. Пасілак благаславіў біскуп Гродзенскі і ўручыў гасцям велікодныя яйкі. Таксама яны атрымалі ў падарунак святочныя наборы.

У Мінску прайшоў штогадовы сход удзельнікаў руху Легіён Марыі. 23 сакавіка 2024 года ў катэдральным касцёле адбылася сустрэча, на якую прыбылі легіянеры з розных мясцін Беларусі. Падчас традыцыйнага мерапрыемства яны ўрачыста пацвярджалі прысягу на вернасць Маці Божай, каб атрымаць ад Яе сілу і благаслаўленне на далейшае выкананне сваіх абавязкаў. Святую Імшу ў інтэнцыі легіянераў, іх адданасці Маці Божай і новых пакліканняў да апостальства цэлебраваў Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

30 сакавіка 2024, 07:34