Пошук

Семінарысты. Ілюстрацыйнае фота Семінарысты. Ілюстрацыйнае фота 

Нігерыя: адна з найвялікшых семінарый у свеце святкуе 100-годдзе

Духоўная семінарыя ў Нігерыі – самая вялікая ў Афрыцы, а верагодна, і ва ўсім свеце – адзначае стагоддзе сваёй дзейнасці. У семінарыі Бігард у Энугу 771 семінарыст рыхтуецца да святарства.

Ян Глінскі

З іх 531 навучэнец праходзіць падрыхтоўку ў якасці дыяцэзіяльных святароў для дыяцэзій у касцёльнай правінцыі Аніча, якая ўключае архідыяцэзію Аніча і дыяцэзіі Абакалікі, Аўга, Аўка, Эквулобія, Энугу, Нневі і Нсука. Акрамя гэтага, у семінарыі навучаюцца 240 манахаў, якія рыхтуюцца да святарскага пасвячэння. Яны належаць да манаскіх ордэнаў і таварыстваў, прысутных у гэтай частцы Нігерыі: капуцынаў, кларэтынаў, місіянераў, самасцаў (законная супольнасць рэгулярных клерыкаў, члены якой апякуюцца сіротамі і ўбогімі). Пасля лекцый яны вяртаюцца на начлег у свае супольнасці.

За сто гадоў дзейнасці семінарыі Касцёл атрымаў адсюль 35 біскупаў, 134 арцыбіскупы і 4 кардыналы, у тым ліку кардынала Фрэнсіса Арынзэ, прэфекта на пенсіі Дыкастэрыі па справах Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, і біскупа дыяцэзіі Эквулобіі Пэтэра Акпалэке.

Рэктар ксёндз Альберт Акечукву Ікпенва патлумачыў, што не ўсе, хто паступаў у семінарыю, увыніку прынялі святарскія пасвячэнні: некаторыя сталі інжынерамі, урачамі, універсітэцкімі выкладчыкамі, палітыкамі або зрабілі ваенную кар’еру. “Гэта наш унёсак у грамадскае жыццё Нігерыі”, – падкрэсліў 57-гадовы душпастыр.

Ксёндз Ікпенва разам з мноствам духоўных кіраўнікоў суправаджае на шляху да святарства некалькі соцень кандыдатаў. “Семінарысты падзелены на групы, кожная мае адказнага за яе святара, каб кожны меў добрую апеку”, – патлумачыў рэктар. Семінарысты, у сваю чаргу, прымаюць актыўны ўдзел у матэрыяльным жыцці ўстановы, у якой няма дапаможнага персаналу: яны прыбіраюць, даглядаюць будынак і зялёныя насаджэнні, стараючыся трымаць усё ў парадку.

Семінарыя была заснавана ў 1924 годзе ў Анічах. Першым рэктарам быў ірландскі законнік з Таварыства Духа Святога айцец Уільям О'Донэл. Установа некалькі разоў мяняла сваё месцазнаходжанне, пакуль канчаткова не засталася ў Энугу ў 1951 годзе. Грошы на заснаванне семінарыі збірала Opus Sancti Petri Apostoli (сённяшняе Папскае місійнае таварыства святога апостала Пятра, заснаванае францужанкай Жанай Бігард (1859-1914), у гонар якой і названа семінарыя).

Падрыхтоўка да юбілею стагоддзя семінарыі распачалася ў 2019 годзе святой Імшой, падчас якой тагачасны Апостальскі нунцый у Нігерыі арцыбіскуп Антоніа Гвіда Філіпацы ўдзяліў пасвячэнні 25 дыяканам. У 2021 годзе быў арганізаваны фестываль мастацтва і культуры, у 2022 годзе – конкурс спеву і музыкі, а ў 2023 годзе – конкурс на веданне Бібліі. Заканчэнне святкавання запланавана на 21 лістапада 2024 года.
 

29 сакавіка 2024, 09:06