Пошук

Джо Бэйлі Уэлс (першая злева) падчас пасяджэння Рады кардыналаў Джо Бэйлі Уэлс (першая злева) падчас пасяджэння Рады кардыналаў  (Vatican Media)

Англіканская епіскап пракаментавала сустрэчу з Радай кардыналаў

National Catholic Reporter апублікаваў інтэрв’ю з Джо Бэйлі Уэлс, епіскапам Англіканскай Царквы і намесніцай генеральнага сакратара Англіканскай супольнасці пасля яе ўдзелу ў пасяджэнні Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам.

Марыя Валодзіна, Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустрэча самых блізкіх дарадчыкаў Папы праходзіла ў Ватыкане 5-7 лютага 2024 года. Частка нарады была прысвечана ролі жанчын. Сярод трох запрошаных на яе экспертаў, была і Джо Бэйлі Уэлс.

Па словах прадстаўніцы Англіканскай Царквы, гэта была “рэдкая, калі не гістарычная магчымасць”. Яна ўдзячная за гэты прывілей, бо ўсведамляе, што Францішак "пайшоў на рызыку", запрасіўшы яе выступіць перад кардыналамі. Уэлс спадзяецца, што Каталіцкі Касцёл працягне "мужна" даследаваць тэму жаночага лідарства.

Рашэнне Папы ўпершыню запрасіць жанчын, у тым ліку і англіканку, на звычайна цалкам мужчынскую сустрэчу з каталіцкімі іерархамі "сведчыць пра тое, што ён бачыць каштоўнасць экуменічнага ўзаемадзеяння не толькі ў супрацоўніцтве паміж Цэрквамі, але і ў тым, каб слухаць і вучыцца адно ў аднаго", - заўважыла жанчына ў інтэрв’ю.

Запрашэнне паступіла ў канцы восені. Сястра-салезіянка Лінда Почар, прафесар хрысталогіі і марыялогіі на Папскім факультэце педагагічных навук Auxilium у Рыме папрасіла Уэлс "расказаць пра гісторыю пасвячэння жанчын у Англіканскай Царкве і ў англіканскай супольнасці, прапанаваўшы як асабісты пункт гледжання, так і больш шырокі царкоўны погляд".

Уэлс распавяла гісторыю Лі Цім Ой, якая ў 1944 годзе стала першай жанчынай англіканскім святаром пры выключных абставінах. У той час святары-мужчыны не маглі наведваць кітайскую супольнасць у Макао, што і прывяло да яе пасвячэння.

Прайшло амаль паўстагоддзя, і ў 1992 годзе Генеральны Сінод Англіканскай Царквы прагаласаваў за пасвячэнне жанчын. Сярод кандыдатак, якія неўзабаве пасля гэтага былі ўпершыню пасвечаны ў святары, была і Джо Бэйлі Уэлс, якую ў 2016 годзе ўзвялі ў сан епіскапа.

У цяперашні час яна выкладае ва Універсітэце Дзюка і ў Кембрыджы, а таксама працуе ў сядзібе Англіканскай супольнасці, дзе дапамагае знаходзіць рэсурсы і ўмацоўваць сувязі паміж англіканскімі епіскапамі.
Уэлс распавяла пра тое, што Папа і кардыналы "ласкава выслухалі яе, пра што сведчылі іх пытанні і дыскусія".

Епіскап Уэлс спадзяецца на жаданне Каталіцкага Касцёла пачуць розныя галасы і, такім чынам, прыйсці да разумення таго, што “разнастайнасць сама па сабе можа быць дарам для пашырэння гарызонтаў і ўзбагачэння касцёльнага жыцця".

Дарэчы, пытанне ролі жаночага служэння будзе стаяць на адным з галоўных месц у парадку дня Сінода Біскупаў у Рыме ў кастрычніку 2024 года.
 

06 сакавіка 2024, 14:02