Пошук

Наступствы бамбардыровак Сектара Газа Наступствы бамбардыровак Сектара Газа  (AFP or licensors)

Айцец Фалтас: нельга заплюшчваць вочы на гібель дзяцей у Газе

Да неадкладных дзеянняў па выратаванні жыццяў дзяцей і маці ў Газе заклікаў вікарый Кустодыі Святой Зямлі, айцец Ібрагім Фалтас.

Марыя Валодзіна - Vatican News

"Мы не можам заплюшчваць вочы і сэрцы на тое, што адбываецца з галоднымі і напалоханымі дзецьмі. Мы не можам заставацца абыякавымі, ведаючы, што 60 тысяч цяжарных жанчын у Газе пакутуюць ад голаду і недахопу харчавання ў далікатным і важным становішчы: яны павінны падараваць новае жыццё", - сказаў 9 сакавіка 2024 года ў інтэрв'ю італьянскаму інфармацыйнаму агенцтву SIR айцец Фалтас.

У гэтыя дні францішканін знаходзіцца ў Італіі, дзе каардынуе перавозку дзясяткаў палесцінскіх дзяцей з сектара Газа ў педыятрычныя шпіталі розных гарадоў у рамках нядаўняга пагаднення з уладамі краіны. Першая група хворых дзяцей прыбыла ў Італію 29 студзеня 2024 года.

Як і ў любой вайне, першымі нявіннымі ахвярамі ўзброенага канфлікту паміж Ізраілем і ХАМАС сталі жанчыны і дзеці, нагадаў у інтэрв'ю айцец Фалтас.

З пачатку вайны ў Святой Зямлі было забіта больш за 9 тысяч палесцінскіх жанчын. "Многія дзеці засталіся сіротамі, многія маці страцілі дзяцей", - сказаў вікарый, дадаючы, што дзеці з Газы, якія засталіся без ежы, рызыкуюць памерці галоднай смерцю, а жанчыны рызыкуюць жыццём, нараджаючы ў разгар бамбардзіровак.

Каб гэтыя дзеці выжылі, ім патрэбна неадкладная дапамога. "Мы не можам проста сказаць галодным дзецям, што трэба пачакаць, пакуль магутныя людзі не дазволяць накарміць іх", або проста пакінуць іх галадаць, - сказаў францішканін.

"Я слухаю іх гісторыі, я чытаю іх гісторыі і спрабую зразумець, чаму некаторыя дарослыя не адчуваюць неабходнасці спыніцца, дапамагчы, перапыніць несправядлівасць", - падзяліўся ён.

“Як можна вылечыць траўму чалавека, які выратаваўся з-пад завалаў, у той час як іншыя члены яго сям'і загінулі побач з ім? Як можна суцешыць малалетняе дзіця, якое спрабуе суцешыць сваю маці, якая страціла іншае дзіця?” - запытаў айцец Фалтас.

"Давайце памолімся, каб святло ісціны, якое перамагае крывадушнасць, закранула сумленне. Мы абараняем тых, хто пакутуе ад бедстваў вайны, мы стараемся быць голасам тых, у каго больш няма голасу, каб прасіць праўды, справядлівасці і міру", - сказаў напрыканцы інтэрв'ю вікарый Кустодыі Святой Зямлі.

11 сакавіка 2024, 12:16