Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News

У Мінску прайшоў дзень засяроджання святароў і кансэкраваных асобаў. 15 лютага 2024 года ў катэдральным касцёле падчас сустрэчы духавенства архідыяцэзіі адказны за фармацыю маладых святароў ксёндз Аляксей Раманчук прамовіў канферэнцыю, у якой глыбей растлумачыў палажэнні дэкларацыі Fiducia supplicans. Цэлебрацыю святой Імшы узначаліў Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Духавенства павіншавала Генеральнага вікарыя архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, які адзначыў свой дзень нараджэння.

З пасланнем да моладзі на Вялікі пост звярнуўся арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У сваім лісце Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, са спасылкай на разважанне Святога Айца, акцэнтаваў увагу на "смутку паводле Божай волі, які вядзе да збаўлення". Паводле іерарха, "калі смутак выкліканы шкадаванем за свае грахі – гэта Божая ласка". У той жа час ён нагадаў пра іншы від смутку, які "наадварот, з’яўляецца хваробаю душы і нараджаецца ў сэрцы тады, калі знікае надзея". Таму заклікаў моладзь "чуваць над станам свайго сэрца, дзякуючы ўваскрасенню Езуса верыць, што ўсе цярпенні недарэмныя".

У гродзенскай катэдры асвяцілі адноўлены алтар. 11 лютага 2024 года ў базыліцы адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне алтара Бічавання Пана Езуса – святую Імшу ля адноўленага алтара ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На Эўхарыстыі маліліся за ўсіх, хто матэрыяльна падтрымаў рэстаўрацыю. Адзіны, прысвечаны бічаванню Хрыста, алтар у Гродзенскай дыяцэзіі быў сур’ёзна пашкоджаны вільгаццю. Жывапіс рэстаўраваў мастак Уладзімір Кіслы.

У Мінску адбылася супольная малітва біскупаў і святароў лацінскага і візантыйскага абрадаў. 10 лютага 2024 года ў малітоўнай сустрэчы ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры разам з мясцовым духавенствам удзельнічаў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Ён благаславіў абраз святых Кірыла і Мятода і ўручыў папскі медаль архімандрыту Сяргею Гаеку з нагоды яго 75-годдзя.

У Хрысціянскім сацыяльным цэнтры зладзілі святкаванне Дня хворых. 11 лютага 2024 года свята сабрала каля 70 асобаў з абмежаванымі магчымасцямі. Для гасцей падрыхтавалі канцэрт, урачыстую вячэру і забаўляльную праграму. Духоўны айцец Місіі добрага самараніна ксёндз Аляксандр Шамрыцкі канстатаваў, што цярпенне і хваробы з’яўляюцца часткай жыцця чалавека і заклікаў вернікаў "не наракаць на лёс, але старацца з мужнасцю і радасцю перажываць усе цяжкасці".

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

17 лютага 2024, 08:40