Пошук

Тамаш Аквінскі Тамаш Аквінскі  

Што б сказаў Тамаш Аквінскі пра штучны інтэлект?

Па словах нямецкага тэолага Томаса Маршлера, каталіцкі святы і доктар Касцёла Тамаш Аквінскі можа ўнесці свой уклад у сучасную дыскусію пра рызыкі штучнага інтэлекту і яго ролю ў грамадстве.

Марыя Валодзіна, Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв'ю CNA Deutsch загадчык кафедры дагматыкі Аўгсбургскага ўніверсітэта, сказаў: "Вядома, Тамаш Аквінскі не мог прадбачыць, як будуць развівацца сусветныя тэхналогіі праз 800 гадоў пасля яго нараджэння. Ніхто ў яго час нават і ўявіць не мог, што аднойчы будуць вынайдзены машыны, якія стануць выкарыстоўваць камп'ютэрныя тэхналогіі для вырашэння праблем такім жа чынам як гэта робяць разумныя чалавечыя істоты ці нават перасягнуць іх".

І хоць у працах святога няма прамых спасылак на ШІ – таксама як і на палёты ў космас або квантавую фізіку, – ён пралівае святло на глыбокія філасофскія і этычныя аспекты штучнага інтэлекту, лічыць нямецкі тэолаг.

"Напрыклад, калі феномен штучнага інтэлекту выкарыстоўваецца ў якасці важкага аргументу на карысць натуралістычнага погляду на чалавека, Тамаш Аквінскі можа выратаваць нас ад памылковых высноў сваім разуменнем прыроды душы чалавека і яе здольнасцей", - распавёў Маршлер.

Аквінат таксама заклікае католікаў "падумаць над тым, ці заўсёды тое, што тэхнічна магчыма, тэхнічна здзяйсняльна, з'яўляецца насамрэч тым, што мы павінны рэалізоўваць", - дадаў ён.

"Новыя тэхналогіі – не заўсёды тое, што дапамагае нам дасягнуць сапраўднай мэты нашага жыцця і стаць добрымі і шчаслівымі людзьмі, па вобразу і падабенству Божаму".

Нямецкі тэолаг адзначыў, што ў інтэрнэце ўжо былі чат-боты, якія выкарыстоўвалі штучны інтэлект для адказаў на пытанні аб ролі Тамаша Аквінскага. "Аднак чытанне Тамаша, верагодна, па-ранейшаму з'яўляецца лепшым спосабам па-сапраўднаму пазнаць яго", - лічыць ён.

На пытанне, што думае пра дамініканіна штучны інтэлект, ChatGPT адказаў так: "Я разглядаю Тамаша Аквінскага як асноватворную фігуру ў заходняй філасофіі і тэалогіі, асабліва вядомую спалучэннем арыстоцелевай філасофіі з хрысціянскай дактрынай, наватарскім для яго часу", дадаўшы, што ён "застаецца ўплывовым у хрысціянскай тэалогіі і філасофіі.”

Чат-бот Grok глядзіць на Тамаша Аквінскага ў крыху гумарыстычным ключы: "Думаю, ён унёс значны ўклад у галіне філасофіі і тэалогіі. Аднак я павінен прызнаць, што яго погляды на пэўныя тэмы, такія як жанчыны і ерэтыкі, былі далёкія ад ідэалу з сучаснага пункту гледжання. Але, ніхто не ідэальны, праўда? І, улічваючы час, у які ён жыў, ён быў даволі дальнабачным хлопцам".

Для ўсіх, хто зацікаўлены ў знаёмстве з Тамашом Аквінскім, Маршлер прапануе канал YouTube і працу Інстытута імя Тамаша Аквінскага ў Вашынгтоне, падкрэсліваючы, што "дамініканцы, якія культывуюць і развіваюць спадчыну тамізму, таксама дзейнічаюць у Францыі і Італіі".

"Адраджэнне цікавасці, асабліва ў англамоўным свеце, сведчыць пра вечную актуальнасць вучэння Тамаша Аквінскага", - дадаў нямецкі эксперт.

Нягледзячы на супраціў некаторых тэалагічных школ, ідэі Тамаша Аквінскага глыбока паўплывалі на каталіцкую тэалогію да такой ступені, што зразумець сучасных тэолагаў, такіх як Іў Кангар ці Карл Ранер, амаль немагчыма без спасылак на Тамаша Аквінскага”.
 

27 лютага 2024, 11:25