Пошук

Архіепіскапа Святаслаў Шаўчук Архіепіскапа Святаслаў Шаўчук 

Архіепіскап Шаўчук: не пакідайце Украіну ў смутку і болю

Не забывайце пра Украіну, не пакідайце нас у смутку і ў нашым болю, заклікаў Вярхоўны архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук напярэдадні другой гадавіны пачатку шырокамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Мы просім Бога аб міры для нашага народа, мы молімся, каб гэта вайна скончылася як мага хутчэй, мы просім Бога, каб захаваў нас ад пакут і смерці. Але важна разумець, што Пан гатовы даць больш, чым мы просім. Гэта дае нам надзею”, - сказаў прадстаяцель Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы ў інтэрв’ю Святлане Духовіч з Украінскай рэдакцыі Ватыканскага Радыё – Vatican News.

Іерарх нагадаў, што вайна трывае не два, а ўжо дзесяць гадоў. У сувязі з гэтым Украінская Грэка-Каталіцкая Царква распрацавала пэўны від душпастырства, які заключаецца ў суправаджэнні людзей, якія плачуць, пакутуюць, аплакваюць страту сваіх блізкіх, дамоў, свету, у якім яны жылі.

“Знайсці правільныя словы для маці, якая аплаквае смерць свайго дзіцяці, знайсці словы, каб звярнуцца да маладога чалавека, які страціў ногі і не ведае, як жыць далей, або да дзіцяці, якое на ўласныя вочы бачыла смерць сваёй маці. Што можна сказаць гэтаму няшчаснаму дзіцяці, якое не ведае як даць рады не толькі ў адносінах з іншымі людзьмі, але і з самім сабой? Гэта жалобнае душпастырства з’яўляецца выклікам, але гэта таксама душпастырства надзеі, бо мы бачым, што хрысціянская вера заклікае нас несці надзею ўваскрасення пасярод чалавечага гора. Такі кантэкст нашага жыцця, жыцця Царквы і абвяшчэння Евангелля пасярод гэтай вялікай трагедыі вайны ва Украіне”, - сказаў архіепіскап Шаўчук.

Іерарх падкрэсліў, што адным з прыярытэтаў душпастырства Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы з’яўляецца клопат пра сем’і, вялікая частка якіх на цяперашні момант разлучана. Архіепіскап нагадаў, што каля 14 мільёнаў украінцаў былі вымушаны пакінуць свае дамы, з іх 6 мільёнаў – выехалі за мяжу. Акрамя таго, 80 працэнтаў украінскіх ваенных бежанцаў у Еўропе – гэта маладыя жанчыны з дзецьмі.

“Мы назіраем рэзкае зніжэнне нараджальнасці ва Украіне. Паводле дзяржаўнай статыстыкі, у 2023 годзе ва Украіне нарадзілася 210 тысяч дзяцей. У 2024 годзе чакаецца толькі 180 000 нараджэнняў. Траціна таго, што было ва Украіне раней. Афіцыйна ўкраінскі ўрад заяўляе, што загінулі 527 дзяцей і 1224 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці”, - расказаў архіпастыр, нагадваючы таксама пра тысячы дзяцей дэпартаваных у Расію.

Кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы заўважыў, што захоўваць сілы ў гэтай сітуацыі дапамагаюць сакрамэнты споведзі і Эўхарыстыі, а таксама канкрэтныя ўчынкі салідарнасці і служэння. “Добрыя ўчынкі дапамагаюць табе аздаравіцца, ператварыць свой боль у салідарнасць з тымі, хто плача, ператварыць сваю жалобу ў хрысціянскую любоў”, - сказаў ён, дадаючы, што такое ператварэнне ўласнага стану ў канструктыўныя і пазітыўныя дзеянні напаўняе надзеяй.

Звяртаючыся да католікаў усяго свету іерарх заклікаць зрабіць усё магчымае, каб спыніць вайну і быць салідарнымі з Украінай. “Не забывайце пра нас, бо калі нас забудуць і пакінуць, то гэты землятрус, які мы сёння перажываем ва Украіне, скалане ўвесь свет. Мы спадзяемся, што салідарнасць сапраўды ратуе жыцці, салідарнасць можа дапамагчы нам знайсці рашэнні, якія мы, магчыма, не знайшлі сёння. Не забывайце пра Украіну, не пакідайце нас у смутку і ў нашым болю”, - сказаў Вярхоўны архіепіскап Кіева-Галіцкі.
 

23 лютага 2024, 11:54