Пошук

Арцыбіскуп Паола Пецы Арцыбіскуп Паола Пецы 

Арцыбіскуп Пецы: злачынству супрацьпастаўляць часцінку дабрыні

У другую гадавіну вайны ва Украіне сваімі разважаннямі падзяліўся арцыбіскуп Паола Пецы, пастыр архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Іерарх адзначыў, што праз два гады пасля пачатку вайны сярод людзей розных нацыянальнасцяў, якія складаюць народы Расіі і Украіны, падспудна паўстае пытанне біблейскага кшталту, на якое пакуль няма адказу: Дакуль?

Ён падкрэсліў, што каталіцкая супольнасць Расіі шматнацыянальная і мультыкультурная, гэта азначае, што “на гэтае пытанне варта было б даць адказ, які б улічваў, прынамсі ў нашых супольнасцях, супольнае жыццё не толькі рускіх і ўкраінцаў, але і беларусаў, палякаў, літоўцаў, - гэта калі называць толькі суседнія краіны”.

Падчас візітаў у парафіі пастар прысвяціў шмат часу “дыялогу аб гэтай балючай ране”. “У першыя месяцы пасля пачатку канфлікту мы заўважылі, як растуць пачуццё нянавісці, цяжкасці прабачэння, абурэнне, гнеў, як цяжка стала з гэтым спраўляцца і пачынаць нанова. Потым пачала распаўсюджвацца нейкая пакорлівасць, стала цяжка будаваць планы на будучыню, з'явілася стомленасць”, - падзяліўся арцыбіскуп Пецы, заклікаючы да дыялогу і сустрэчы, “бо пакуль мы сустракаемся і гаворым адзін з адным, мы заўсёды можам шукаць і, калі Богу будзе заўгодна, знаходзіць шляхі для вырашэння”.

“Я думаю, што сёння лепшае, што мы можам прапанаваць, - гэта пакорлівая перакананасць у тым, што мы апынуліся ў гэтай сітуацыі, у гэтых абставінах, каб несці насенне надзеі для ўсіх. Калі нават у пэўных няпростых абставінах мы жывем верай у Езуса Хрыста, мы становімся домам, дзе добра жывецца”, - сказаў іерарх, прыводзячы ў прыклад сірыйскі кляштар трапістак, які стаў крыніцай надзеі для людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, проста таму, што застаецца там.

Арцыбіскуп Пецы працытаваў кнігу псіхіятра Борньі пра сяброўства, у якой гаворыцца аб тым, што “кожнаму новаму злачынству або жаху мы павінны супрацьпаставіць часцінку любові і дабрыні, якую трэба заваяваць у саміх сабе”. Змена перспектывы магчымая, калі ў нашым сэрцы пашыраецца часцінка любові і дабрыні. “Калі сэрца не зменіцца, цяжка будзе змяніць свет, бо сэрца чалавека – гэта свет, які ўсведамляецца: цудоўнае паўночнае неба, горы і даліны Каўказа, неабсяжныя сібірскія раўніны, - але таксама і драма бежанцаў, мігрантаў, ахвяр, драма людзей і прыроды, злачынствы і жахі ўсведамляюцца ў маім сэрцы і раняць яго, не могуць пакінуць яго абыякавым”, - зазначыў пастар.

Такім чынам мы становімся рамеснікамі міру, але не свецкага, а таго, што зыходзіць ад Уваскрослага Хрыста. Трагедыя ж уладароў гэтага свету заключаецца тым, што яны ўпарцяцца ў пошуку і навязванні міру свецкага, зямнога, у яго розных варыянтах, заўсёды трагічных і сумных, “міру, які бачыць адных толькі пераможцаў і пераможаных, зняважаных і прыгнечаных”, - лічыць арцыбіскуп Пецы.

На думку іерарха, “адзіным магчымым адказам на злачынствы і ліхадзейства, якія, на жаль, усё больш суправаджаюць наша жыццё, застаецца велікодны адказ: таямніца ахвяравання, Крыжа, Уваскрасення, прыгажосці, міласэрнасці і міру”.

25 лютага 2024, 11:30