Пошук

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Конкурс батлеек прайшоў у Віцебску. 5 студзеня 2024 года ў мясцовым доме культуры прадстаўнікі сямі парафій з розных куткоў дыяцэзіі выступілі з тэатралізаванымі пастаноўкамі на тэму Божага Нараджэння. Удзельнікаў благаславіў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Пераможцам конкурсу стала віцебская парафія Езуса Міласэрнага.

Праваслаўны архіепіскап наведаў катэдральны касцёл у Гродне. 10 студзеня 2024 года архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній пабываў у каталіцкай святыні, яго суправаджаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Пробашч катэдры ксёндз Ян Кучынскі распавёў праваслаўнаму іерарху пра ўзвядзенне святыні і далейшыя падзеі гісторыі яе існавання. Гродзенскі ардынарый падзякаваў госцю за братэрскія кантакты.

Мінскі Caritas падтрымаў сотні сямей з немаўлятамі. Гэта дабрачыннае каталіцкае таварыства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пры падтрымцы Caritas дыяцэзіі Лінца рэалізуе сацыяльны праект Good start па дапамозе тым сем’ям, якія пасля нараджэння дзіцяці перажываюць складанасці. Caritas рыхтуе наборы для немаўлят, якія перадаюць у прыёмныя, няпоўныя, шматдзетныя і малазабяспечаныя сем’і. За мінулы год такую дапамогу атрымалі звыш 500 сямей, а сёлета плануецца забяспечыць наборамі для немаўлят яшчэ каля 800 сем’яў.

Паллатынскія дні моладзі прайшлі ў Баранавічах. На сустрэчы, якая завяршылася 5 студзеня 2024 года, сабралася каталіцкая моладзь з Бярозы, Воранава, Германішак, Жлобіна і Мінска. Удзельнікі жадалі паглыбіць сваю веру, знайсці новых сяброў і чэрпаць натхненне з духоўнасці святога Вінцэнта Палоцці. Праграма спалучала малітву, удзел у Эўхарыстыі, канферэнцыі, лекцыі і забаву.

Біскуп Гродзенскі благаславіў крыж і парафіяльны дом у мясцовай парафіі Святога Духа. 6 студзеня 2024 года перад Эўхарыстыяй, на якой было здзейснена благаслаўленне, парафіяне прайшлі працэсіяй па вуліцах мікрараёна, спяваючы калядныя песні і ўслаўляючы Дзіцятка Езуса. Біскуп Аляксандр Кашкевіч падчас святой Імшы маліўся за ўсіх парафіян. У будынку парафіяльнага дома размешчаны кабінеты для ўрокаў рэлігіі – тут дзеці будуць вучыцца ўжо з гэтага года. Таксама ў будынку ёсць актавая зала, прызначаная для правядзення масавых сустрэч і мерапрыемстваў на хвалу Бога.

З’езд мужчын праходзіць ва Ўдзеле. 13 студзеня 2024 года айцы францішкане арганізавалі сустрэчу, на якую запрасілі мужчын ад 18 да 50 гадоў. Праграма ўключае знаёмства з Кодэксам і Статутамі Воінаў Марыі, супольныя малітвы, набажэнствы, працы ў групах, сумесны адпачынак.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

13 студзеня 2024, 08:40