Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (JOHANNA GERON)

Цэрквы краін ЕС заклікалі ўзмацніць намаганні па пабудове міру

Прадстаўнікі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскага Саюза (COMECE) і Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў (CEC) заклікалі ЕС актывізаваць намаганні па ўрэгуляванню канфліктаў ва Украіне і ў Газе, а таксама дасягнуць палітычнага і сацыяльнага кансэнсусу ў галіне экалогіі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Экуменічная дэлегацыя, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Цэркваў краін ЕС, сустрэлася 18 студзеня 2024 года з Вілемам ван дэ Вурдэ, пастаянным прадстаўніком Бельгіі ў ЕС. 1 студзеня гэта краіна распачала старшынства ў Еўрапейскім Саюзе, якое прадоўжыцца шэсць месяцаў.

Біскупы краін ЕС, які прадстаўляюць каля 380 мільёнаў грамадзян, аб'яднаных хрысціянскімі ідэаламі, заклікалі еўрапейскіх палітыкаў падвоіць дыпламатычныя намаганні па мірнаму і ўстойліваму ўрэгуляванню канфліктаў у Еўропе і ля яе межаў. Па іх словах, "трагічная вайна", выкліканая "жорсткай агрэсіяй” Расіі супраць Украіны "не толькі кінула выклік міжнароднаму парадку", але, перш за ўсё, стала "крыніцай жудасных чалавечых пакут і шырокамаштабных разбурэнняў".

Акрамя таго, іерархі асудзілі "бязлітасны напад ХАМАС на ізраільскі народ”, які адбыўся 7 кастрычніка 2023 года, выклікаўшы рэакцыю з боку ізраільскіх вайскоўцаў, якая мела "жудасныя наступствы для палесцінскага насельніцтва". Занепакоенасць выклікае таксама і становішча армянскага насельніцтва, "якое пакутуе ад напружанасці ў Каўказскім рэгіёне".

Еўрапейскія біскупы заклікалі ЕС аб'яднаць намаганні па супрацоўніцтву краін і розных сацыяльных і рэлігійных груп дзеля абароны дэмакратыі, умацавання агульных каштоўнасцяў і асноўных правоў, а таксама прымаць актыўныя меры супраць фундаменталізму і палярызацыі. У прыватнасці, яны выказалі заклапочанасць "злоўжываннем і інструменталізацыяй рэлігіі", якія часта прыводзіць да дэзінфармацыі, папулізму і экстрэмізму.

Іерархі адзначылі, што ў многіх дзяржавах-членах EC назіраецца рост дыскамфорту і страху "з-за рэальных і магчымых сацыяльных наступстваў экалагічнага пераходу". Тэма экалогіі будзе ў цэнтры маючых адбыцца ў 2024 годзе еўрапейскіх выбараў.

"Неабходна дасягнуць шырокага палітычнага і сацыяльнага кансенсусу, каб пазбегнуць патэнцыйнага тупіка ў заканадаўчай працы і дзеля дасягнення ўстойлівай будучыні”, - гаворыцца ў сумеснай заяве прадстаўнікоў COMECE і CEC. Яны прывіталі рэформу рынку электраэнергіі і намаганні па дэкарбанізацыі, а таксама нагадалі пра глабальныя абавязкі, якія ЕС павінен выконваць пры імпарце энергіі і сыравіны. Неабходна пазбягаць "пагадненняў з аўтарытарнымі рэжымамі, якія парушаюць асноўныя палітычныя стандарты і правы чалавека", таксама як і эксплуатацыі краін, якія развіваюцца.

Еўрапейскія біскупы заклікалі да партнёрства "паміж грамадзянскімі і рэлігійнымі інстытутамі”, а таксама да ўзмацнення намаганняў у сферы адукацыі, каб "прадухіліць уцечку спецыялізаваных работнікаў па-за межы Еўропы або ўнутры Еўропы", якая вядзе да няроўнага развіцця еўрапейскіх рэгіёнаў.

23 студзеня 2024, 11:09