Пошук

Наступствы вайны ў сірыйскім Холмсе Наступствы вайны ў сірыйскім Холмсе 

Жак Мурад: немагчыма, каб свет адмовіўся ад сірыйскага народа

Сірыя, якая набліжаецца да трынаццатага года вайны, жыве на мяжы голаду. Пра адчайнае становішча насельніцтва краіны распавёў арцыбіскуп Жак Мурад.

Марыя Валодзіна - Vatican News

1 студзеня 2024 года была спынена праграма харчовай дапамогі ААН у Сірыі. Ад паставак харчавання і прадметаў першай неабходнасці залежала больш за пяць мільёнаў жыхароў краіны, якая пакутуе ад зацяжной вайны. Сітуацыя яшчэ больш ускладнілася ў лютым 2023 года ў выніку моцнага землятрусу на мяжы з Турцыяй.

У аснове рашэння аб спыненні гуманітарнай дапамогі Сусветнай харчовай праграмы ААН, якую атрымлівалі амаль 2/3 насельніцтва краіны, ляжыць дэфіцыт бюджэтных сродкаў, выкліканы эпідэміяй каронавіруса і войнамі ва Украіне і ў Газе.

"Сірыйскі народ асуджаны на смерць і не мае магчымасці нічога сказаць. І за што? У чым віна сірыйскага народа?" - запытаў арцыбіскуп Мурад, назваўшы рашэнне “жудасным і несправядлівым".

"Гэта рашэнне было прынята, каб кінуць сірыйскі народ у поўную роспач, каб пагасіць усе агні, якія маглі б гарэць дзякуючы нашай веры і надзеі. Але ў гэтай сітуацыі нам сапраўды прыйдзе канец", - дадаў іерарх.

Касцёл і няўрадавыя арганізацыі не могуць пакрыць усе патрэбы сірыйскага народа, іх фінансавыя магчымасці абмежаваныя. Акрамя таго, грашовыя паступленні ў Сірыю немагчымыя з-за санкцыі, - нагадаў Жак Мурад.

"Як жыць сірыйскаму народу? Ужо цяпер многія сірыйскія сем'і ядуць адзін раз у дзень, мы забыліся, што такое ацяпленне, таму што не можам купіць паліва або дровы, мы забыліся, што такое гарачая вада. Мы жывем у поўнай цемры. У гарадах Сірыі няма святла", - распавёў арцыбіскуп Мурад.

Іерарх выказаў спадзяванне на тое, што Еўрапейскі Саюз зойме выразную пазіцыю, прадыктаваную "чалавечай і шчырай адчувальнасцю". "Немагчыма, каб увесь свет адмовіўся ад сірыйскага народа. Што дрэннага мы зрабілі, каб быць асуджанымі на смерць?" - запытаў арцыбіскуп Хомса.

03 студзеня 2024, 12:56