Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Іерархі цэлебравалі святочныя Эўхарыстыі ў Мінску і рэгіёнах. У прыватнасці, арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч на святы Божага Нараджэння наведаў сваю родную парафію ў Адэльску. У гаміліі падчас святой Імшы 25 снежня 2023 года заслужаны іерарх падкрэсліў, што са святаў Нараджэння Пана трэба выйсці "новымі, духоўна адроджанымі і ўмацаванымі праўдай Богаўцелаўлення, каб Божаю моцаю перамагаць зло і будаваць цывілізацыю жыцця, міру і любові".

Біскупы звярнуліся да вернікаў на нядзелю Святой Сям’і. Свята з’яўляецца нагодай, каб падзякаваць Богу за ўсіх, хто абвяшчае Евангелле жыцця, ацаніць дзеянні рухаў і асоб добрай волі, якія прагнуць забяспечыць абарону жыцця кожнага дзіцяці, гаворыцца ў паведамленні біскупскай канферэнцыі. Асаблівую падзяку біскупы выказалі ўдзельнікам малітоўнай ініцыятывы Духоўнага ўсынаўлення.

Падарунак ад Папы Францішка прыбыў у Оршу. 27 снежня 2023 года ў мясцовую парафію святога Юзафа даставілі ружанец – падарунак Святога Айца для дзяцей з Беларусі, які ён перадаў з нагоды малітоўнай акцыі Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы. Паводле жадання Пантыфіка, ружанец будзе перадавацца з парафіі ў парафію, каб запрашаць як мага больш дзяцей і дарослых маліцца аб міры у свеце.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўдзельнічаў у свяце грэка-католікаў Мінска. 26 снежня 2023 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў цэлебрацыю Літургіі падчас свята грэка-каталіцкай парафіі святога і праведнага Язэпа – з нагоды свята Сабору Найсвяцейшай Багародзіцы вернікі ўшаноўвалі таксама святога Абранніка Марыі. На ягонай ролі як абаронцы Святой Сям’і засяродзіў увагу іерарх у гаміліі.

Ялінку для сталічнай парафіі Чырвонага касцёла благаславіў біскуп Казімір Велікаселец. З малітвай аб найхутчэйшым аднаўленні парафіяльнага жыцця ў зачыненай святыні Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі благаславіў святочнае дрэва на новабудоўлі каталіцкай святыні ў Гомелі. Ялінку і яслі з нованароджаным Дзіцяткам Езусам устанавілі побач з Чырвоным касцёлам. Тым часам парафія святога Сымона і святой Алены звярнулася да ўладаў з просьбай дапусціць вернікаў да рэстаўрацыйных прац у касцёле, якія запланаваныя на пачатак 2024 года.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

30 снежня 2023, 08:21