Пошук

Прафесар Катарына Вестэрхорстман Прафесар Катарына Вестэрхорстман 

Ліст чатырох жанчын: у Германіі ігнаруюць лінію Святога Пасада

Мяне ўразіў той факт, што Папа, пішучы да нас асобна, указаў на адарацыю, як быццам такім чынам хацеў скіраваць нашу ўвагу на Таго, Хто кіруе Касцёлам і Каго трэба ставіць у цэнтры, - адзначыла прафесар Катарына Вестэрхорстман.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Яна з’яўляецца адной з чатырох жанчын, якія адмовіліся ад удзелу ў нямецкім Сінадальным шляху, убачыўшы ў ім пагрозу расколу Касцёла ў Германіі, і ў пачатку лістапада падзяліліся сваёй заклапочанасцю са Святым Айцом. Францішак неадкладна адказаў на іх ліст.

Прафесар Вестэрхорстман сказала Vatican News, што яна і яе паплечніцы вырашылі пайсці на такі крок, паколькі ў іх склалася ўражанне, што Касцёл у Германіі ігнаруе паслядоўныя ўказанні Апостальскай Сталіцы. “Мы палічылі, што гэта наш абавязак як свецкіх і як жанчын у Касцёле”, - сказала нямецкі тэолаг. Яна прызналася ў здзіўленні хуткім адказам Папы, усяго праз два дні, і яснасцю і асабістай зацікаўленасцю ў тоне ліста Францішка. “Відавочна, што для яго гэта важная тэма”, - заўважыла Вестэрхорстман.

Яна запэўніла, што аўтаркі ліста не ўяўляюць сабой ніякай групы і не маюць агульных планаў на будучыню. Ні епіскапат Германіі, ні ЦК нямецкіх католікаў не адрэагавалі на іх занепакоенасць, і не запрасілі іх вярнуцца да дыялогу.

“Адзінае, што я магу сказаць, – буду працягваць рабіць усё, што ў маіх сілах, каб Касцёл мог выконваць сваю місію, каб як католікі мы маглі рабіць тое, да чаго мы пакліканы, індывідуальна і як супольнасць”, - падкрэсліла тэолаг.

Яна таксама паведаміла, што перад публікацыяй папскага ліста адрасаты пераканаліся ў тым, што Францішак сапраўды гэтага жадае. Жанчыны таксама не разумеюць абвінавачванняў у свой адрас у тым, што гэта ініцыятыва спрыяе падзелу ў Касцёле.

У лісце тэолагі Катарына Вестэрхорстман і Марыяна Шлосер, журналістка Даратэя Шміт і філосаф Ханна-Барбара Герл-Фалькавіц выказалі заклапочанасць існуючымі канфліктамі і разыходжаннямі ў поглядах адносна будучыні Касцёла ў Германіі. Яны спадзяюцца на тое, што іх ліст стане імпульсам, які паспрыяе захаванню адзінства.
 

28 лістапада 2023, 09:42