Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішканін з Сірыі: канфлікт забыты, сірыйцы ў адчаі

Наступствы вайны ў Сірыі больш трагічныя за саму вайну, якая распачалася ў 2011 годзе і так і не скончылася. “Забыты канфлікт” нараджае ў сэрцах сірыйцаў усё большы адчай, бо яны не бачаць ніякай надзеі на будучыню.

Ян Глінскі

У размове з Vatican News айцец Бахджат Эліа Каракач з Алепа нагадаў, што пасля мінулагодняга землятрусу трагічная сітуацыя пагоршылася яшчэ больш, і дапамогі, якая дастаўляецца ў Сірыю, ужо не хапае. Ён падкэсліў, што да землятрусу францішкане ў Алепа сістэматычна кармілі 1200 патрабуючых, сёння ж па гэтую дапамогу звяртаюцца ў пяць разоў больш чалавек.

“З-за разбурэнняў многія страцілі працу і былі вымушаны прадаць сваю апошнюю маёмасць, каб выжыць, - патлумачыў законнік. - Самая галоўная задача, якая стаіць перад намі, – вярнуць людзям надзею”. Як ён дадаў, гэта будзе няпроста, бо на гарызонце не відаць ніводнага палітычнага рашэння.

Айцец Каракач хоча, каб людзі з Захаду зацікавіліся сітуацыяй у Сірыі, каб захацелі даведацца аб рэальнай сітуацыі ў гэтай краіне: “Наколькі гэта магчыма, каб прыязджалі да нас убачыць рэаліі нашага жыцця. Да гэтага я б дадаў пытанне малітвы і неабходнай гуманітарнай дапамогі. Усё гэта нас падтрымлівае і дадае сіл”.

Сірыйскі манах прызнаецца, што на дадзены момант цяжка вылучыць адну найбольш важную праблему, якую трэба пільна вырашыць, бо іх занадта шмат.

“У нас адукацыйны, санітарны і эканамічны крызіс. Гэта сапраўды велізарныя выклікі”, для рашэння якіх “патрэбна канкрэтная дапамога”. Як падкрэсліў айцец Каракач, Сірыі неабходна падтрымка, каб распачаць нацыянальны дыялог паяднання, і адначасова канкрэтная дапамога звонку, каб здолець падняць краіну з руін.
 

17 лістапада 2023, 07:49