Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Біёграф Папы: Касцёл будзе спрыяць дыялогу з уладай Аргенціны

“Выбуховы тэмперамент Мілея можа быць фактарам, які ўскладніць адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай”, – лічыць Серхіа Рубін, адзін з біёграфаў Папы Францішка.

Ян Глінскі

“Так ці іначай, Касцёл будзе старацца спрыяць дыялогу”, – упэўнены журналіст аргенцінскага часопіса Clarín.

Серхіа Рубін лічыць, што абранне Хаўера Мілея Прэзідэнтам Аргенціны не стане перашкодай для магчымага падарожжа Святога Айца на сваю радзіму.

У сваёй прэзідэнцкай кампаніі 53-гадовы Мілей, які мае рэпутацыю экцэнтрычнага анарха-капіталіста, між іншым, называў свайго суайчынніка Папу Францішка “езуітам, які прапагандуе камунізм”, а таксама “прадстаўніком д’ябла на Зямлі”. Мілей абвінавачваў Пантыфіка ў падтрымцы крывавых левых дыктатур, бо не пачуў ад Папы крытыкі адносна парушэння тымі правоў чалавека.

Аднак перад другім турам прэзідэнцкіх выбараў у Аргенціне палітык змяніў сваё крытычнае стаўленне да Папы. “Калі б ён прыехаў у Аргенціну, мы прынялі б яго з усёй пашанай як кіраўніка дзяржавы, а таксама з усёй пашанай як главу Каталіцкага Касцёла”, – сказаў Мілей у адным з інтэрв’ю, падкрэсліўшы, што “дабро аргенцінцаў” для яго ў прыярытэце, таму з візітам Папы “няма праблемы”.

Паводле аргенцінскіх СМІ, магчымы візіт Францішка можа адбыцца ў першым альбо другім квартале 2024 года. Па словах Серхіа Рубіна, епіскапат Аргенціны ўжо запрасіў Святога Айца, але цяпер Папа яшчэ павінен атрымаць афіцыйнае запрашэнне ад прэзідэнта краіны.

“Я думаю, што Мілей зробіць гэта ў хуткім часе, – паведаміў біёграф у інтэрв’ю італьянскаму агенцтву ANSA. – Больш за тое, у акружэнні Мілея ёсць асобы, якія будуць ключавымі ў яго радзе, і якія не хочуць паддаваць цяжкаму выпрабаванню адносіны з Папам, а прагнуць паклапаціцца пра тое, каб яны былі прынамсі нармальнымі. Таму, у прынцыпе, абранне Мілея не павінна ні наблізіць, ні аддаліць магчымага падарожжа Папы ў сваю краіну”.

24 лістапада 2023, 08:45