Пошук

Пій ХІІ. Ілюстрацыйнае фота Пій ХІІ. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Нямецкі гісторык: трэба адкінуць “чорную легенду” пра Пія ХІІ

У Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме праходзіць канферэнцыя “Новыя дакументы пантыфікату Пія XII і іх значэнне для яўрэйска-хрысціянскіх адносін”. Сустрэча прымеркавана да 65-годдзя смерці Пія ХІІ.

Ян Глінскі

“Сёння мы ведаем, што Пій XII не толькі згадаў пра жудасны лёс яўрэяў у трох публічных прамовах, але і спрабаваў уратаваць іх столькі, колькі было магчыма”, - падкрэсліў Міхаэль Хезэман, які ўжо 14 гадоў даследуе інфармацыю з ватыканскіх архіваў.

Канферэнцыя стала плёнам трох інтэнсіўных гадоў працы гісторыкаў, якія прагледзелі тысячы раней невядомых дакументаў, сярод якіх лісты 3200 яўрэяў, што захоўваліся ў таямніцы ў касцёльных установах.

Доктар Хезэман падкрэслівае, што трэба адкінуць “чорную легенду”, якая існуе вакол Пія ХІІ. Сучасныя даследаванні паказваюць, што ён зусім не быў маўклівым і абыякавым да трагедыі Халакосту. “Ужо ў 1939 годзе [Папа] спрабаваў атрымаць 200 тысяч візаў для нямецкіх яўрэяў, але было выдадзена менш за 10 тысяч”, - адзначыў нямецкі даследчык. Больш чым у 40 дыпламатычных інтэрвенцыях у краінах, падпарадкаваных Гітлеру або саюзных яму, Пій ХІІ дамогся таго, што дэпартацыі яўрэяў былі адкладзеныя ці нават адмененыя. “Гэта ўратавала жыццё 947 тысячам чалавек, як я згадваю ў маёй кнізе”, - дадаў гісторык.

Новыя дакументы ўключалі ліст ад снежня 1942 г., адрасаваны папскаму сакратару айцу Лейберу, з апісаннем Халакосту. Як падкрэсліў доктар Хезэман, невядома, ці перадаў сакратар гэтую інфармацыю Папу, але нават калі б і перадаў, Святому Айцу не хапала доказаў, каб умяшацца на падставе гэтай інфармацыі. Тым не менш, у сваёй прамове на Божае Нараджэнне 1942 года ён асудзіў нацысцкія злачынствы, хоць і ў агульных рысах. Ён усведамляў, што словы павінны быць узважанымі, каб не выклікаць нацысцкай помсты супраць насельніцтва пад нямецкай акупацыяй, у тым ліку і магчымага паскарэння Халакосту.

За кулісамі Пій XII рабіў усё, што мог, каб супрацьстаяць нацызму. Па словах Хезэмана, з кастрычніка 1939 года Папа нават кантактаваў з нямецкімі генераламі, якія планавалі забіць Гітлера, пераняць уладу і скончыць вайну. Гэтая група здзейсніла няўдалы замах на фюрэра ў ліпені 1944 года ў Воўчым логаве, паклаўшы пачатак аперацыі “Валькірыя”. “Пій не толькі падтрымліваў гэтую групоўку, але і выконваў ролю пасярэдніка паміж імі і саюзнікамі, – сцвердзіў нямецкі гісторык. – Ён літаральна рызыкаваў лёсам сваёй краіны і сваім жыццём дзеля большага дабра, каб пазбавіцца ад Гітлера і нацызму. Так што ён сапраўды быў вельмі адважным чалавекам”.
 

13 кастрычніка 2023, 08:05