Пошук

Кардынал-намінант Франсуа-Ксаўе Бусціё, біскуп Аяча. Кардынал-намінант Франсуа-Ксаўе Бусціё, біскуп Аяча. 

Кардынал-намінант Бусціё: Папа хоча гуманізаваць чалавецтва

Калі будзем раўнадушнымі адзін да аднаго – наша чалавецтва пацерпіць крах, - папярэдзіў у размове з Vatican News кардынал-намінант Франсуа-Ксаўе Бусціё, біскуп Аяча.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Французскі іерарх, які нясе біскупскае служэнне на Корсіцы, прымаў удзел у ІІІ Міжземнаморскіх сустрэчах у Марсэле. З нагоды форума, які аб’яднаў прадстаўнікоў грамадзянскіх і касцёльных уладаў рэгіёну, гэты партовы горад на поўдні Францыі адведаў Папа. Яго візіт праходзіў 22-23 верасня 2023 года і стаў ужо сямнаццатым падарожжам у краіны, якія маюць выйсце да Міжземнага мора. Вядома, што адной з галоўных тэм, якую закрануў Пантыфік была міграцыя.

“Пасланне папы Францішка было вельмі ясным, простым і прамым. Ён казаў пра адказнасць, пра чалавечнасць і заклікаў: “Не будзем заставацца раўнадушнымі да тых, хто пакутуе”. На маю думку, пасланне Папы было вельмі канкрэтным, бо мела на мэце гуманізаваць чалавецтва, што губляе сваю годнасць і апускаецца амаль да жывёльнага стану”, - сказаў францішканін.

Кардынал-намінант падкрэсліў, што ў Францыі словы Пантыфіка нярэдка ўспрымаюцца як палітызаваныя, але ён “проста нагадвае Евангелле”, у якім Езус Хрыстус атаясамлівае сябе з людзьмі, што пакутуюць ад смагі, голаду, з вандроўнымі. Іерарх перакананы, што чалавецтва і Міжземнамор’е стануць лепшымі, калі цывілізацыя ў гэтым рэгіёне зможа несці такія каштоўнасці як братэрства, мір, радасць, дыялог і сапраўдная сустрэча. Пры гэтым важна таксама захаванне ўласнай тоеснасці і традыцый.

На думку бікупа Бусціё, якому падчас кансісторыя 30 верасня 2023 года будзе нададзена кардынальская годнасць, вучэнне Святога Айца стымулюе грамадства станавіцца менш механічным і тэхнічным і нанава адкрыць чалавечае вымярэнне, успрымаць іншага чалавека ў якасці дару, а не цяжару.
 

26 верасня 2023, 11:16