Пошук

2023.09.11 Renovabis Congresso 2023

30-годдзе Renovabis. Юбілейны кангрэс у Мюнхене

У Германіі пачынаецца 27-ы Міжнародны кангрэс Renovabis. Форум пройдзе з 12 па 14 верасня 2023 года ў Мюнхене, падчас яго ініцыятыва салідарнасці з католікамі Усходняй Еўропы падвядзе вынікі за 30 гадоў працы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Колькі падзей адбылося за тры дзесяцігоддзі, колькі праектаў было рэалізавана, якія ініцыятывы застаюцца актуальнымі – усе гэтыя пытанні на павестцы дня форума. На Кангрэсе не толькі падвядуць вынікі, але і вызначаць планы на будучыню.

Удзельнікі абмяркуюць як агульныя для Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы сацыяльныя і грамадскія праблемы, так і рэлігійныя пытанні, а таксама перамены, якія адбыліся ў гэтых сферах за 30 гадоў.

На кангрэсах мінулых гадоў уздымаліся пытанні манаскіх супольнасцей, мігрантаў, пандэміі. Дарэчы, упершыню ў 2020 годзе сустрэча прайшла ў анлайн-фармаце. І за дыскусіямі гэтага года змогуць сачыць анлайн тыя, хто валодае нямецкай, англійскай ці італьянскай мовамі. Сёлетняя тэма: Свабода, як я яе разумею... Еўропа ў перыяд паміж новым абуджэннем, расчараваннем і пагрозай.

Удзельнікамі форума ў 2023 годзе па традыцыі сталі прадстаўнікі свецкіх і рэлігійных структур з усёй Еўропы. Асаблівую ўвагу яны нададуць сучасным выклікам, на якія неабходна адказваць ужо сёння. Акрамя лекцый і панэльных дыскусій запланаваны асобная дыялогавая пляцоўка, якая дасць магчымасць выказваць свае ідэі і прапановы.

У пачатку Кангрэса, 12 верасня, ініцыятыва салідарнасці Renovabis адзначыць сваё 30-годдзе Нешпарамі ў мюнхенскім касцёле святога Сільвестра, пасля чаго ў гонар юбілею адбудзецца святочнае мерапрыемства ў Баварскай каталіцкай акадэміі, на якім з асноўным дакладам выступіць былы федэральны прэзідэнт Ёахім Гаўк.

Міжнародны кангрэс Renovabis, які праводзіцца штогод з 1997 года, служыць для інфармавання і абмеркавання важных падзей у Касцёле і грамадстве. За 30 гадоў ён ператварыўся ў дыялогавую пляцоўку паміж Усходам і Захадам.

З 1993 года Renovabis было рэалізавана амаль 26 тысяч праектаў у 29 краінах. Толькі ў Беларусі ў 2022 годзе фонд нямецкага епіскапату падтрымаў 30 праектаў на суму 1 320 400 еўра.

 

12 верасня 2023, 15:19