Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Беларусі новы святар – Андрэй Юхнік, які паходзіць з лідскай парафіі, прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. 23 верасня 2023 года ўрачыстасць, якая на чале з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам сабрала духавенства і свецкіх вернікаў, а таксама студэнтаў гродзенскай семінарыі, адбылася ў катэдральным касцёле святога Францішка Ксаверыя ў Гродне. Вучобу і фармацыю ксёндз Андрэй Юхнік праходзіў у мясцовай духоўнай семінарыі, а апошні год – у польскім Элку.

25-годдзе біскупскага служэння Пінскага ардынарыя адзначылі ў мясцовай катэдры. 28 верасня 2023 года тут адбылася святая Імша падзякі Богу за чвэрць стагоддзя плённага служэння біскупа Антонія Дзям’янкі. Урачыстасць, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, сабрала каталіцкі епіскапат Беларусі, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі.

Агульная сустрэча моладзі Мінска адбылася ў архікатэдральным касцёле. 28 верасня 2023 года ў галоўнай святыні сталіцы сабралася моладзь з розных парафій і супольнасцяў з нагоды пачатку новага навучальнага і катэхетычнага году. Асабліва на спатканне запрашалі моладзь, якая прыехала ў Мінск на вучобу, і тых хлопцаў і дзяўчат, якія шукаюць добрых каталіцкіх сяброў. У інтэграцыйнай сустрэчы ўдзельнічалі аніматары, скаўты, музыкі, святары і сёстры законныя.

Сустрэчу кансэкраваных асоб з усёй Беларусі зладзілі ў Баранавічах. 25-26 верасня 2023 года ў кляштары Місіянераў Божага Слова звыш 30 кансэкраваных асоб ва ўзросце пасля 40 гадоў з'ехаліся, каб пазнаёміцца і паглыбіцца ў тэму Энтузіязм паклікання ў межах праграмы пастаяннай фармацыі, распрацаванай Каардынацыйнай групай вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцей Беларусі. У сумеснай малітве ўдзельнічаў арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

У Навагрудку адбыўся абрад прыняцця шкаплера Арханёла Міхала. 29 верасня 2023 года ў тутэйшай парафіі святога Арханёла Міхала адзначылі адпустовую ўрачыстасць, падчас якой абрад прыняцця шкаплера здзейсніў пробашч парафіі ксёндз Юрый Жэгарын – ён атрымаў на гэта благаслаўленне генеральнага настаяцеля ордэну міхалітаў. Шкаплер – гэта бачны знак абрання Арханёла Міхала сваім памочнікам у барацьбе з грахом і спакусамі.

Літаратурна-мастацкі конкурс, прысвечаны юбілею мучаніцтва святога Язафата Кунцэвіча, абвясцілі ў Віцебскай дыяцэзіі. Да 400-годдзя мучаніцкай смерці гэтага святога прапануюць стварыць літаратурны твор любой структуры, формы і жанру, на беларускай ці рускай мове. Таксама гэта можа быць малюнак, выкананы ў любой тэхніцы. Работы можна даслаць да 31 кастрычніка 2023 года. Удзельнікі конкурсу будуць падзелены на ўзроставыя катэгорыі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

30 верасня 2023, 09:37