Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Касцёл у Камеруне моліцца за мір і адзінства

У Бафусаме – горадзе на паўднёвым захадзе Камеруна адбылася пілігрымка, падтрымаць якую духоўна заклікаў вернікаў ва ўсім свеце Святы Айцец. Мясцовыя католікі маліліся аб міры і адзінстве для сваёй радзімы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News 

15 жніўня 2023 года, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, бафусамскія вернікі вырушылі ў пілігрымку. Яны выйшлі трыма групамі з розных частак горада, каб сустрэцца на месцы будаўніцтва новага катэдральнага касцёла. Падчас малітвы пілігрымы даверылі сваю краіну апецы Маці Божай. 

“Мы хочам маліцца за мір у Камеруне, які перажывае шэраг сацыяльна-палітычных крызісаў, крызісаў у галіне бяспекі і іншых сферах”, - патлумачыў Vatican News біскуп Бафусама Поль Лансі-Кёнэ.

“Гаворка ідзе пра гангрэну карупцыі, праблемы у грамадскім жыцці, хуткі рост секты Бока-Харам, таксама англамоўны крызіс, які пагаршаецца збядненнем пэўнай часткі насельніцтва ў глабальным кантэксце, у якім мы павінны супрацоўнічаць, каб чалавек мог жыць. Наша роля заключаецца ў тым, каб быць будаўнікамі міру ў Камеруне, быць будаўнікамі міру ў нашых сем’ях, быць будаўнікамі міру ў нашым Касцёле”, - дадаў камерунскі іерарх.

У паўночна-заходніх раёнах Камеруна з 2017 года трывае адкрыты канфлікт паміж цэнтральнымі ўладамі і сепаратыстамі з англамоўнай часткі краіны. Баі ўжо прывялі да гібелі каля 6 тысяч чалавек і прымусілі больш за 700 тысяч чалавек пакінуць свае дамы. Паводле дадзеных ААН, больш за 2 мільёны жыхароў гэтай краіны маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе. Акрамя таго, у паўночнай частцы Камеруна адбываюцца напады ісламскіх фундаменталістаў з секты Бока-Харам, у выніку якіх загінулі каля 3 тысяч чалавек і каля 250 тысяч чалавек сталі бежанцамі. У розных частках краіны існуе таксама міжэтнічная напружанасць.

Далучыцца да малітвы за мір у Камеруне Святы Айцец заклікаў 13 жніўня 2023 года. “Злучымся ў малітве з нашымі братамі ў Камеруне, каб праз заступніцтва Багародзіцы Бог падтрымаў надзею людзей, якія пакутуюць на працягу многіх гадоў, і адкрыў шляхі дыялогу для дасягнення згоды і міру”, - сказаў Францішак.
 

16 жніўня 2023, 12:18