Пошук

Факельны мітынг супраць нападаў на хрысціянскія святыні ў Пакістане Факельны мітынг супраць нападаў на хрысціянскія святыні ў Пакістане  (AFP or licensors)

Старшыня епіскапату Пакістана: беспакараны гвалт паўтараецца

Старшыня епіскапату Пакістана, арцыбіскуп Джозэф Аршад заклікаў да правядзення Дня малітвы ў сувязі з жорсткім нападам натоўпу на хрысціянскія святыні.

Марыя Валодзіна - Vatican News

16 жніўня 2023 года ў Джаранвале на ўсходзе Пакістана адбыўся напад на хрысціянскую супольнасць, двух прадстаўнікоў якой абвінавацілі ў блюзнерскім стаўленні да Карана. Па меншай меры 20 хрысціянскіх святыняў падвергліся вандалізму, больш за 80 дамоў былі падпаленыя натоўпам.

У сувязі з нападам, 20 жніўня ва ўсіх каталіцкіх супольнасцях краіны прайшоў Дзень малітвы за Пакістан. У інтэрв’ю Vatican News старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Пакістана, арцыбіскуп Джозэф Аршад патлумачыў, што неабходна маліцца аб тым, што адбываецца ў пакістанскім грамадстве. “Нам трэба маліцца за тых, хто пакінуў свае дамы, хто зараз у бядзе, адчувае боль і пакуты”.

Іерарх падзяліўся ўражаннем ад наведвання Джаранвалы, дзе былі разрабаваны дамы хрысціян і спалены каталіцкія і пратэстанцкія святыні. “Людзі пакутуюць. Можна адчуць боль людзей, якія пакінулі дамы”, - сказаў ён, дадаючы: “Спалены Бібліі. Спалены Крыжы. На гэта вельмі балюча глядзець”.

На пытанне аб тым, што трэба зрабіць, каб прадухіліць паўтарэнне падобных эпізодаў у будучыні, арцыбіскуп Аршад заўважыў, што неабходна спыніць злоўжыванне законам аб блюзнерстве. "Праблема ў Пакістане ў тым, што людзі бяруць закон у свае рукі. І ў гэтым выпадку людзі, натоўпы людзей, узялі закон у свае рукі”, - адзначыў ён.

Па яго словах, добрая адукацыя, дасведчанасць, павага да рэлігій “могуць дапамагчы грамадству стаць лепш”. Акрамя таго, урад павінен прыцягнуць да адказнасці людзей, якія здзейснілі напад. Падобныя інцыдэнты паўтараюцца таму, што застаюцца беспакаранымі, - заўважыў ён.

Навіна аб нападзе на хрысціян у Пенджабе абляцела ўвесь свет. На пытанне аб салідарнасці з боку мусульман іерарх адказаў так: “Мусульмане прыходзяць да нас і выказваюць свае спачуванні. Прэм'ер-міністр заявіў, што прыме строгія меры, каб прыцягнуць гэтых людзей да адказнасці, галоўны міністр Пенджаба таксама ведае пра сітуацыю. На гэты раз усе поўныя рашучасці кантраляваць сітуацыю і дапамагчы пацярпелым”.

21 жніўня 2023, 10:45