Пошук

Cустрэча Прэзідэнта Вы Ван Тхонга з біскупамі В’етнама Cустрэча Прэзідэнта Вы Ван Тхонга з біскупамі В’етнама 

Прэзідэнт В'етнама сустрэўся з епіскапатам краіны

Адкрытай і шчырай назвалі каталіцкія біскупы В'етнама сустрэчу з Прэзідэнтам краіны Вы Ван Тхонгам, якая прайшла ў сядзібе Канферэнцыі Біскупаў В’етнама ў Хашыміне.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сустрэча, якую высока ацанілі абодва бакі, прайшла 7 жніўня 2023 года і доўжылася больш за гадзіну, з 11.00 да 12.25.

Урадавая дэлегацыя налічвала дзесяць чалавек, Канферэнцыю Біскупаў В’етнама прадстаўлялі дзевяць біскупаў, у тым ліку яе старшыня, арцыбіскуп Хашыміна мансеньёр Джозэф Нгуен Нанг, пяць святароў і дзве манахіні.

Прэзідэнт В’етнама ацаніў служэнне Каталіцкага Касцёла в'етнамскаму грамадству, асабліва падчас пандэміі каронавіруса. Затым ён распавёў пра сваю паездку ў Еўропу і асабліва ў Ватыкан, дзе 27 ліпеня 2023 года прайшла яго сустрэча з Францішкам і было заключана гістарычнае пагадненне аб статусе папскага прадстаўніка. Прэзідэнт Тхонг заўважыў, што быў уражаны папскай аўдыенцыяй, якая працягвалася даўжэй, чым чакалася. Ён высока ацаніў словы Папы аб чалавечым братэрстве, заявіўшы, што В'етнам рухаецца ў гэтым кірунку. Акрамя таго, кіраўніку краіны вельмі спадабаліся словы Францішка аб неабходнасці слухаць іншых, уваходзячы ў іх становішча, каб лепш зразумець іх.

Сустрэча прэзідэнта В'етнама з епіскапатам краіны
Сустрэча прэзідэнта В'етнама з епіскапатам краіны

Затым старшыня Сакратарыята Канферэнцыі Біскупаў В’етнама, ксёндз Дао Нгуен Ву, прадставіў дзейнасць Касцёла ў краіне, прапанаваўшы лічбы і статыстыку. Ён патлумачыў, што ў В'етнаме існуюць дашкольныя каталіцкія ўстановы, але няма пачатковых, сярэдніх і вышэйшых школ. Прэзідэнт паабяцаў разгледзець гэтае пытанне.

Са свайго боку старшыня Канферэнцыі Біскупаў В’етнама павіншаваў кіраўніка дзяржавы з паспяховым падарожжам у Еўропу, а таксама распавёў аб дзейнасці Каталіцкага Касцёла на службе краіны. Прэзідэнту Тхонгу былі ўручаны два падарункі: фатаграфіяй з Францішкам і энцыкліка Fratelli tutti, перакладзеная на в'етнамскую мову.

Падчас візіту ў Ватыкан 27 ліпеня 2023 года Святы Пасад і В'етнам дасягнулі пагаднення аб статусе пастаяннага папскага прадстаўніка ў гэтай краіне. У ходзе перамоў абодва бакі выказалі вялікую ўдзячнасць за значны прагрэс у двухбаковых адносінах і за станоўчы ўклад каталіцкай супольнасці краіны.

Адносіны паміж Святым Пасадам і Сацыялістычнай Рэспублікай В’етнам былі спыненыя ў 1975 годзе. У 2011 годзе Бэнэдыкт XVI прызначыў свайго прадстаўніка па сувязях з В’етнамам, які, аднак, не пражываў у краіне.

08 жніўня 2023, 10:43