Пошук

Кардынал Джорджыа Марэнга Кардынал Джорджыа Марэнга  (Vatican Media)

Кардынал: Касцёл у Манголіі хоча ўзбагаціць грамадства верай

Прысутнасць Папы дапаможа нам, жыхарам вельмі перыферыйнай часткі свету, адчуць сябе ў сэрцы Касцёла, - падкрэсліў кардынал Джоржыа Марэнга, Апостальскі прэфект Улан-Батара.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Напярэдадні падарожжа Святога Айца ў Манголію, якое адбудзецца з 31 жніўня па 4 верасня 2023 года, іерарх нагадаў у інтэрв’ю Федэрыка П’яна з Vatican News, што каталіцтва ў гэтай краіне пачало развівацца пасля падзення камуністычнага рэжыму, але кантакты паміж манголамі і наступнікамі святога Пятра маюць больш старажытную гісторыю.

У ХІІІ стагоддзі папа Інакенцій IV адправіў італьянскага францішканіна, брата Джавані дэ Плана Карпіні, у Мангольскую імперыю з міратворчай місіяй, маючы намер спыніць татарскае нашэсце на Еўропу. Кардынал Марэнга зазначыў, што цяпер адносіны паміж Святым Пасадам і Манголіяй добрыя, а папскі візіт павінен іх умацаваць.

Апостальскі прэфект падкрэсліў, што мясцовы Касцёл вядзе шчыры дыялог з мангольскай грамадскасцю. “Паміж намі існуюць адносіны ўзаемнага ўзбагачэння, якія ўмацаваліся галоўным чынам у апошнія гады. Мы стараемся, каб наш досвед веры мог абагаціць грамадства, у гармоніі з іншымі рэлігіямі. Я хацеў бы нагадаць, што ёсць шмат ініцыятыў, у рамках якіх мы супрацоўнічаем з іншымі, і гэта аказваецца вельмі плённым”, - сказаў ён.

Кардынал Марэнга адзначыў, што мангольскае грамадства перажывае фазу глыбокай трансфармацыі. “Адбываецца хуткае развіццё сацыяльных і культурных мадэляў, новых у параўнанні з традыцыйнымі. Гэта краіна, якая знаходзіцца ў працэсе ферментацыі, яна перажывае эканамічны рост, які прымушае змяняць лад жыцця, што становіцца больш адкрытым на глабалізацыю. Гэтае імклівае развіццё нясе з сабой магчымасці, але таксама і рызыкі, напрыклад, пакідання ззаду тых, хто не можа ісці ў нагу з часам, або аслаблення пэўных мясцовых традыцый, якія, аднак, спрыяюць большай сацыяльнай еднасці. Адным словам, гэта краіна, якая хоча паказаць свету свой патэнцыял”, - перакананы італьянскі місіянер.

Іерарх адзначыў, што ў гэтым кантэксце мясцовы Касцёл рэалізуе праекты ў сферы адукацыі, аховы здароўя, клопату пра бедных, якія прасоўваюць цэласнае развіццё чалавека, але таксама клапоціцца пра жыццё верай, дзякуючы правядзенню перадкатэхумената, катэхумената, літургічнага жыцця і пастаяннай катэхізацыі ахрышчаных. “Мы засяроджваемся ў першую чаргу на якасці выбару веры, які здзяйсняюць людзі”, - сцвердзіў ён.

“Першы і найважнейшы выклік – жыць згодна з Евангеллем. Вялікі выклік для кожнай супольнасці – быць вучнямі і місіянерамі”, - сказаў кардынал Марэнга, дадаючы, што іншымі важнымі заданнямі з’яўляецца інкультурацыі і фармацыя грамадскіх лідараў.

Апостальскі прэфект Улан-Батара перакананы, што “пілігрымка Папы дапаможа вернікам у Манголіі па-сапраўднаму адчуць, што яны знаходзяцца ў сэрцы Касцёла”. Ён заўважыў, што падрыхтоўка да візіту Святога Айца адбываецца з вялікім энтузіязмам і запалам, асабліва з малітоўнага пункту гледжання. “Гэты візіт вельмі важны для нас, і таму мы хацелі, каб яму папярэднічала перэгрынацыя статуі Панны Марыі, якую некаторы час таму на поўначы краіны знайшла на сметніку бедная жанчына-нехрысціянка. Гэтая статуя наведвала розныя каталіцкія супольнасці, у якіх маліліся на ружанцы, каб выпрасіць Божае благаслаўленне на гэты шлях”, - падкрэсліў кардынал Джорджыа Марэнга.
 

28 жніўня 2023, 08:30