Пошук

Кардынал Станіслаў Дзівіш падчас урачыстасцей у санктуарыі Маці Божай Коданскай Кардынал Станіслаў Дзівіш падчас урачыстасцей у санктуарыі Маці Божай Коданскай 

Кардынал Дзівіш: спыніць праліццё крыві ва Украіне

Кардынал Станіслаў Дзівіш у якасці спецыяльнага пасланніка Папы ўзначаліў урачыстасці з нагоды 300-годдзя каранацыі папскімі каронамі абраза Маці Божай Коданскай, Каралевы Падляшша і Маці Адзінства.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

15 жніўня 2023 года арцыбіскуп-эмерыт Кракаўскі цэлебраваў святую Імшу ў марыйным санктуарыі ў Кодані, які знаходзіцца каля польска-беларускай мяжы. У гаміліі ён між іншым звярнуў увагу на трагедыю вайны, якая “пазбаўляе нашых братоў і сясцёр ва Украіне іх зямлі, іх права на жыццё, іх мовы і культуры, сеючы смерць і разбурэнні”.

“Мы не можам пагадзіцца з тым, што адбываецца сёння ў Еўропе, на вачах усяго свету. Браты-славяне не могуць ваяваць паміж сабой, не могуць забіваць адзін аднаго, не могуць знішчаць адзін аднаго, не могуць сеяць разбурэнне, не могуць памнажаць вялізарныя пакуты, сведкамі якіх мы з’яўляемся. Трэба спыніць руку Каіна. Трэба пакласці канец нянавісці, насіллю, братазабойчай вайне. Хопіць праліцця крыві. Таму сёння, з гэтага санктуарыя, мы заклікаем апамятацца, шукаць шляхі да справядлівага міру і прымірэння. Браты-славяне, давайце дадзім свету прыклад братэрскага суіснавання нашых народаў, а не сляпой нянавісці. Няхай Маці Божая Коданская вядзе нас па шляху заканчэння вайны, прымірэння і супакою”, - сказаў папскі легат.

Кардынал Дзівіш падкрэсліў, што Марыя яднае Божы народ. Ён нагадаў, што санктуарый у Кодані наведваў напярэдадні абрання Папам тагачасны арцыбіскуп Кракаўскі Караль Вайтыла. Будучы Пантыфік заўважаў тады, што менавіта на Падляшшы была неабходна прысутнасць Маці, якая яднае, якае ведае сваіх дзяцей і не робіць паміж імі адрозненняў, хоць яны і размаўляюць на розных мовах.

Падчас сёлетніх урачыстасцей абраз Маці Божай Коданскай быў каранаваны новымі каронамі, якія 3 жніўня 2023 года Францішак благаславіў на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Цудатворная ікона Маці Божай, якая захоўваецца ў Кодані, была намалявана ў VI стагоддзі арцыбіскупам Аўгустынам з Кентэрберы па просьбе папы Грыгорыя І. Яна стала копіяй драўлянай марыйнай фігуркі, што захоўвалася ў папскай прыватнай капліцы. Пантыфік падарыў статуэтку святому Леандру, біскупу Севільскаму, які змясціў яе ў санктуарыі ў мястэчку Гвадэлупэ ў Іспаніі, а ікона захоўвалася ў Папы да 1630 года. Таму яе яшчэ называюць Маці Божай Грыгарыянскай або Маці Божай Гвадэлупскай.

Паводле старажытнага падання, тагачасны ўладальнік мястэчка Кодань Мікалай Сапега, званы Пабожным, падчас візіту ў Рым у 1630 годзе маліўся перад гэтым абразом і цудоўным чынам аздаравіўся ад хваробы трапічнага паходжання. Уражаны гэтым фактам ён вырашыў скрасці ікону і вывесці яе на радзіму без згоды Папы. Пазней ён прымірыўся са Святым Айцом, але абраз застаўся з Кодані. Мастацтвазнаўцы лічаць гэту гісторыю толькі легендай, сцвярджаючы, што насамрэч Сапега набыў ікону падчас пілігрымкі ў Іспанію. На паходжанне абраза з іберыйскага паўвострава ўказвае стыль, у якім ён намаляваны.

У 1723 годзе абраз быў каранаваны. Ён стаў трэцім у Рэчы Паспалітай, які быў адзначаны папскімі каронамі, пасля абразоў Маці Божай Чэнстахоўскай і Маці Божай Трокскай.
 

16 жніўня 2023, 11:24