Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Касцёл у Іраку згадвае зыход хрысціян з Ніневійскай раўніны

Мінула дзевяць гадоў з часу вымушанага зыходу іракскіх хрысціян з Ніневійскай раўніны. Дзясяткі тысяч людзей пакінулі рэгіён у ноч з 6 на 7 жніўня 2014 года у сувязі з набліжэннем тэрарыстычнай групоўкі Ісламская дзяржава.

Навіны пра набліжэнне войскаў ісламістаў, якія хутка захоплівалі чарговыя гарады, вымусілі людзей пакідаць свае дамы пасярод ночы, не забіраючы з сабой нічога. Цэлыя сем'і роспачна шукалі транспарт, які б мог даставіць іх на бяспечную тэрыторыю. Лічыцца, што з Ніневійскай раўніны ўцяклі, галоўным чынам у іракскі Курдыстан, каля 120 тысяч хрысціян.

Хрысціяне прысутнічаюць на тэрыторыі Ірака ад апостальскіх часоў, але апошнія дзесяцігоддзі былі для іх чарадой цяжкіх выпрабаванняў – дыктатура Садама Хусейна, дзве вайны ў Персідскім заліве, а потым – тэрор Ісламскай дзяржавы. Маючы за плячыма такі досвед вельмі цяжка захаваць надзею на будучыню. Тым не менш частка вернікаў вярнулася ў Ніневійскую раўніну. Гэта патрабавала ад іх вялікіх высілкаў, бо ў большасць выпадкаў яны знаходзілі разбураныя дамы, - адзначыў у каментары для Vatican News ксёндз Рэната Сако, каардынатар Pax Christi Italia.

Святар падкрэсліў, што вярнуцца вернікам вельмі дапамог Касцёл. Цяпер важна не даць ім страціць надзею на будучыню, што таксама нялёгка, улічваючы моцную напружанасць у краіне і ціск, у выніку якога кардынал Рафаэль Сако быў вымушаны сысці з патрыяршага пасаду ў Багдадзе і адправіцца ў адзін з манастыроў у іракскім Курдыстане.

На думку італьянскага місіянера, вялікае значэнне для падтрымкі надзеі іракскіх вернікаў меў візіт Папы ў 2021 годзе. Ён стаў адзіным лідарам з Захаду, які пажадаў прыехаць у Ірак. Ён сустрэўся з мусульманскімі правадырамі, наведаў Ур, Масул, Каракош, горад-сімвал болю і цярпення. “Гэта суцешыла хрысціян. Я сказаў бы нават, што ўвогуле гэты візіт узрушыў усю краіну, бо прысутнасць Папы была знакам надзеі для ўсіх”, - сказаў ксёндз Сако.
 

10 жніўня 2023, 10:23