Пошук

Японскія вернікі моляцца ў 78-ю гадавіну бамбадзіроўкі Хірасімы і Нагасакі Японскія вернікі моляцца ў 78-ю гадавіну бамбадзіроўкі Хірасімы і Нагасакі 

Біскупы Японіі і ЗША: працаваць дзеля свету без ядзернай зброі

Пяць біскупаў з Японіі і ЗША абавязаліся разам працаваць на карысць свету без ядзернай зброю. Яны заклікалі дасягнуць канкрэтных вынікаў у гэтай сферы да 2025 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Дэкларацыю аб партнёрстве падпісалі: арцыбіскуп Пітэр Мічыякі Накамура, пастыр архідыяцэзіі Нагасакі, біскуп Алексіс Міцуру Сірахама, пастыр дыяцэзіі Хірасіма, і арцыбіскуп-эмерыт Нагасакі Джозэф Міцуакі Такамі, а таксама арцыбіскуп Джон Уэстэр, пастыр архідыяцэзіі Санта-Фэ ў штаце Нью-Мексіка, і арцыбіскуп Пол Эцьен, пастыр архідыяцэзіі Сіэтл у штаце Вашынгтон.

Дамову іерархі заключылі напрыканцы пілігрымкі міру, якую амерыканскія біскупы здзейснілі ў Японію з 1 па 9 жніўня 2023 года. Дыяцэзіі, адкуль прыбылі амерыканскія біскупы знаходзяцца ў рэгіёнах, блізка звязаных з вытворчасцю і размяшчэннем ядзернай зброі. Злучаныя Штаты размяшчаюць свой асноўны ядзерны арсенал у заходнім штаце Вашынгтон, а штат Нью-Мексіка лічыцца месцам з’яўлення атамнай бомбы.

Падчас пілігрымкі амерыканскія іерархі ўдзельнічалі ў памятных цырымоніях і казалі пра неабходнасць ліквідацыі ядзернай зброі. У дэкларацыі, падпісанай у рамках візіту, гаворыцца, што канкрэтных вынікаў у гэтым напрамку яны плануюць дасягнуць да жніўня 2025 года – да 80-й гадавіны бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі.

Біскупы заклікалі прызнаць пакуты, учыненыя атамнымі бамбардзіроўкамі японскіх гарадоў; звярнуць увагу на наступствы здабычы ўрану і вытворчасці ядзернай зброі для навакольнага асяроддзя; прыняць абавязацельства па прадухіленні новай гонкі ўзбраенняў і гарантыі супраць ужывання ядзернай зброі, а таксама прасоўваць ядзернае раззбраенне. Яны падкрэслілі, што ядзерная вайна не можа быць выйграна і таму ніколі не павінна весціся.

Іерархі заявілі, што маюць намер наладзіць дыялог з ахвярамі бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі, здабытчыкамі ўрану, грамадскімі дзеячамі ў сферы спрыяння міру, інжынерамі-ядзершчыкамі, вайскоўцамі і дыпламатамі.

Біскупы запэўнілі, што прынамсі адзін раз у год будуць цэлебраваць святую Імшу ў інтэнцыі свету без ядзернай зброі, а таксама будуць заклікаць да спецыяльнага збору ахвяраванняў у падтрымку ахвяр ядзернай зброі і аднаўлення навакольнага асяроддзя, знішчанага ёй. Іерархі абавязаліся працягваць заахвочваць краіны падпісаць Дамову аб забароне ядзернай зброі, а грошы, прызначаныя на яе вытворчасць, накіроўваць на развіццё, дапамогу ўразлівым групам насельніцтва і на вырашэнне экалагічных праблем. Група японскіх і амерыканскіх пастыраў заклікала іншыя дыяцэзіі і прадстаўнікоў іншых рэлігійных традыцыі далучыцца да іх у гэтых намаганнях.
 

15 жніўня 2023, 13:44