Пошук

Сітуацыя ў Нігеры Сітуацыя ў Нігеры  (AFP or licensors)

Біскупы выступілі супраць ваеннай інтэрвенцыі ў Нігеры

Зрабіць усё магчымае, каб пазбегнуць другой Лівіі, - заклікалі біскупы Нігера, Буркіна-Фасо і Нігерыі, выступаючы супраць магчымай узброенай аперацыі некаторых краін Эканамічнай супольнасці заходнеафрыканскіх дзяржаў.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Эканамічная супольнасць заходнеафрыканскіх дзяржаў (ЭКОВАС) выставіла паўстанцам у Нігеры ўльтыматум, які прадугледжвае вызваленне прэзідэнта Базума і вяртанне паўнамоцтваў законнаму ўраду краіны. Тэрмін ультыматуму сышоў 6 жніўня 2023 года. У выпадку яго невыканання некаторыя дзяржавы-члены супольнасці на чале з Нігерыяй, пагражаюць паўстанцам ваенным рашэннем.

Біскупская канферэнцыя Нігерыі выказала сваю нязгоду з ваеннай аперацыяй. Кіраўнік епіскапату мансеньёр Люцыус Іведжуру Угоржы звярнуўся да прэзідэнта Болы Ахмеда Тынубу, які ў цяперашні час старшынствуе ў Эканамічнай супольнасці, з заклікам пераканаць кіраўнікоў дзяржаў ЭКОВАС пазбегнуць “спакусы ўступіць у вайну супраць путчыстаў”. “Мы просім пазбегнуць кровапраліцця, якое рушыць услед за ваеннай інтэрвенцыяй. Шмат чалавечых жыццяў былі прынесены ў ахвяру ў Афрыцы. У Нігерыі мы таксама прынеслі каштоўныя жыцці ў бессэнсоўную ахвяру, нельга працягваць дзейнічаць гэтым жахлівым чынам”, - упэўнены нігерыйскі біскуп.

"Кажучы не перавароту, мы таксама кажам не вайне, якой бы прычынай яна ні была выкліканая, - падкрэсліў кіраўнік нігерыйскага епіскапату. - Мы заклікаем прэзідэнта Тынубу не адпраўляць ваенную экспедыцыю ў Нігер. Не забывайма, як падчас місіі Эканамічнай супольнасці ў Ліберыі і Сьера-Леонэ Нігерыя не толькі адыграла важную ролю, але і панесла цяжкія страты чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў”.

Іерарх заклікаў кіраўнікоў дзяржаў ЭКОВАС падумаць аб тым, якім будзе лёс арганізацыі, калі яны распачнуць ваенную інтэрвенцыю ў Нігеры. "Лепш весці дыялог, чым уступаць у поўнамаштабную вайну, якая невядома калі скончыцца”, - сцвердзіў біскуп.

Сваю нязгоду з ваеннай аперацыяй выказала таксама і Біскупская канферэнцыя Буркіна-Фасо і Нігера. "Мы наогул не верым у сілавое рашэнне, гаворым яму рашучае не, - гаворыцца ў пасланні старшыні епіскапату гэтых краін, мансеньёра Ларана Дабіры. - Насамрэч, як не хвалявацца, калі на магчымых шляхах выхаду з крызісу з'яўляецца прывід вайны, прымушаючы ўзгадаць сцэнар другой Лівіі ў той час, калі фатальныя і катастрафічныя наступствы дэстабілізацыі працягваюць выклікаць жудасныя пакуты насельніцтва Сахеля?” – гаворыцца ў пасланні афрыканскіх біскупаў, апублікаваным агенцтвам Fides.

09 жніўня 2023, 11:06