Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Тэолаг: патрэбна новая тэалогія міру, прыдатная для акопаў вайны

Перад абліччам вайны ва Украіне патрэбна “не прыгожая тэалогія міру для лекцый і ўрачыстых прамоў, але тэалогія міру, прыдатная для акопаў вайны”, - лічыць венскі тэолаг і сацыёлаг рэлігіі, ксёндз Паўль Цуленэр.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Аўстрыйскае каталіцкае агенцтвам Kathpress спаслалася на тэкст яго лекцыі пад назвай Рэлігіі – надзея ў хісткім свеце.

На думку прафесара, публічна абмяркоўваць трэба не ўмовы вядзення справядлівай вайны, чым даўно займаецца хрысціянская этыка міру, "а тое, як выйсці з несправядлівай вайны". Перш за ўсё, тыя, каго непасрэдна закранае вайна, павінны прыняць рашэнне па такім пытанні, як умовы спынення агню.

Ён лічыць, што мэтай не можа быць "татальны мір". Цуленэр звярнуў увагу на перасцярогу славацкага пісьменніка Міхала Хварэцкага: “Гэта павінен быць “справядлівы мір”, які не парушае годнасці ніводнай нацыі, яе права на аўтаномію, самавызначэнне і цэласнасць сваёй тэрыторыі і які мае прэтэндаваць на ліквідацыю шкоды, нанесенай агрэсарам.

“Сумленны мірны дыялог неабходны не толькі для прымірэння варожых народаў пасля вайны”, - падкрэсліў аўстрыйскі тэолаг. Як паказала праца камісій па прымірэнні ў ПАР і Руандзе, на гэта спатрэбяцца дзесяцігоддзі. “Рэлігіі могуць унесці ў гэта вырашальны ўклад”, - перакананы святар. - “Прымірэнне з’яўляецца часткай фундаментальнай місіі ўсіх рэлігій”.

Тэолаг крытычна адзначыў, што – як паказвае, напрыклад, дружалюбны да Пуціна курс Патрыярха Маскоўскага Кірыла – рэлігіі “часта з’яўляюцца часткай праблемы, а не яе рашэннем”. Рэлігіі патрабуюць рэгулярнага самаачышчэння, напрыклад, хрысціянскія Цэрквы – праз Евангелле: “Толькі рэлігіі, абноўленыя на аснове сваіх уласных крыніц, будуць сілкаваць надзею на тое, што цяперашнія выклікі, якія прымушаюць свет вагацца, стануць не гібеллю для Зямлі і чалавецтва, а пакутамі нараджэння свету, у якім людзі жывуць у справядлівасці і міры, у гармоніі з прыродай”, - адзначыў тэолаг.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што хрысціянства мае магутныя крыніцы годнай даверу тэалогіі міру, указваючы на благаслаўленне Езуса для міратворцаў, Божае абяцанне міру паміж людзьмі пры нараджэнні Езуса, візію прарока Ісаі аб перакоўванні мячоў на лемяхі.

Прафесар Цуленэр падкрэсліў вялікі патэнцыял надзеі, звязаны з рэлігіямі, асабліва ў сучасным “хісткім свеце” ў сітуацыі шматлікіх крызісаў. “Звязанасць з Богам пазбаўляе ўсіх рэлігійных фундаменталістаў і палітычных папулістаў іх дзелавых установак, а менавіта страху і гатоўнасці падпарадкоўвацца. Рэлігіі, якія з’яўляюцца не часткай праблемы, а яе рашэннем, робяць нас свабоднымі і салідарнымі”, - адзначыў аўстрыйскі тэолаг.
 

19 ліпеня 2023, 10:24