Пошук

Нікейскі Сабор Нікейскі Сабор 

Юбілей Нікейскага Сабора адзначаць з экуменічным акцэнтам

У 2025 годзе хрысціяне будуць адзначаць юбілей адной з найвялікшых падзей у гісторыі Касцёла – 1700-годдзе Нікейскага Сабора. Сусветная рада Цэркваў плануе шэраг экуменічных мерапрыемстваў.

Ян Глінскі

Як напісаў у спецыяльным пасланні генеральны сакратар рады, пастар Джэры Пілэй, юбілей Першага Сусветнага Сабора – гэта нагода задумацца, што сёння азначае супольнае сведчанне хрысціян і супольнае служэнне Цэркваў. “1700 гадоў таму, так як і сёння, заклік да адзінства гучаў і гучыць у кантэксце неспакойнага, няроўнага і падзеленага свету”, - нагадаў пастар.

У экуменічных юбілейных мерапрыемствах Сусветная рада Цэркваў засяродзіцца на трох тэмах: вера, адзінства і місія. Цэнтральнай падзеяй у 2025 годзе, між іншым, стане VI Міжнародная канферэнцыя Вера і лад, арганізаваная аднайменнай камісіяй Рады. На форуме збяруцца рэлігійныя лідары і тэолагі, каб заняцца шматлікімі праблемамі, якія стаяць перад сучаснымі Цэрквамі, і ўмацаваць прагненне бачнага адзінства хрысціян.

Як нагадалі арганізатары, сусветныя канферэнцыі на тэму веры і ладу адбываліся ў вырашальныя моманты ў гісторыі экуменічнага руху. Першая з іх прайшла ў 1927 годзе ў швейцарскай Лазане, а рух за веру і царкоўны лад быў адной з плыняў, якія прывялі да стварэння Сусветнай рады Цэркваў у 1948 годзе.

Першы Нікейскі Сабор быў скліканы імператарам Канстанцінам I у 325 годзе ў Нікеі (цяпер Ізнік у Турцыі) для вырашэння ранняга тэалагічнага крызісу ў Касцёле. Там быў створаны і зацверджаны афіцыйны першы Нікейскі сімвал веры – тлумачэнне і кароткі выклад хрысціянскай веры, у якім Хрыстус вызначаецца як адзінасутны з Богам Айцом.

Сусветная Рада Цэркваў была заснавана ў 1948 годзе ў Амстэрдаме. Сёння яна аб'ядноўвае 352 пратэстанцкія, праваслаўныя і старакаталіцкія Цэрквы і супольнасці ў больш чым 110 краінах. Яны прадстаўляюць каля 580 мільёнаў хрысціян ва ўсім свеце. З верасня 2022 года мадэратарам Вышэйшага камітэта (старшынёй) Рады з’яўляецца лютэранскі епіскап Баварыі Генрых Бэдфард-Штром. На пасадзе генеральнага сакратара – паўднёваафрыканскі тэолаг пастар Джэры Пілэй. Дырэктарам Камісіі Вера і лад пры Сусветнай радзе Цэркваў з’яўляецца праваслаўны тэолаг доктар Андрэй Ефціч з Сербіі.

Каталіцкі Касцёл не ўваходзіць у склад асацыяцыі, але яго назіральнікі прымаюць удзел у пасяджэннях Рады з 1961 года. У 1965 годзе была створана супольная рабочая група. Каталіцкія тэолагі працуюць у важных камітэтах Сусветнай рады Цэркваў, такіх як Вера і лад і Сусветная місія і евагнелізацыя.
 

21 ліпеня 2023, 12:11