Пошук

Біскуп Агіяр наведаў Украіну і сустрэўся з каталіцкай моладдзю

Завяршыўся трохдзённы візіт ва Украіну старшыні аргкамітэта Сусветных дзён моладзі, дапаможнага біскупа Лісабона Амерыку Агіяра. Іерарх сустрэўся з маладымі ўкраінскімі католікамі, наведаў Зарваніцу, Бярдзічаў і Бучу.

Марыя Валодзіна - Vatican News

"Папа Францішак пастаянна нагадвае мне, каб я не забываў пра маладых людзей, якія не могуць прыехаць на Сусветныя дні моладзі ў Лісабон”, – адзначыў у інтэрв'ю Vatican News біскуп Агіяр, які неўзабаве стане кардыналам. 15-17 ліпеня 2023 года ён наведаў Украіну і асабіста сустрэўся з каталіцкай моладдзю краіны.

Дзелячыся сваімі ўражаннямі ад візіту, біскуп Агіяр падкрэсліў, што адчуў радасць, ад таго, што жывы Хрыстос прысутнічае ў жыцці, у пакутах, у цяжкасцях і слязах моладзі і народа Украіны. Калі ж у чалавечым сэрцы няма Бога, з’яўляюцца “жорсткасць, зло, хлусня, смерць, гвалт і вайна”, - дадаў ён.

У Марыйным санктуарыі ў Зарваніцы іерарх сустрэўся з маладымі грэка-католікамі, якія здзейснілі пілігрымку да гэтай святыні. Звяртаючыся да іх, іерарх падкрэсліў, што трагедыя вайны не павінна згасіць у іх надзею: "Не бойцеся марыць, не бойцеся разбураць муры. Сусветныя дні моладзі – гэта сустрэча, якая дапаможа пераадолець і разбурыць бар'еры”.

У санктуарыі Маці Божай у Бярдзічаве іерарх таксама сустрэўся з маладымі ўдзельнікамі пілігрымкі, падкрэсліўшы: “Мы павінны зрабіць усё, каб кожны з вас, маладых людзей Украіны, меў мужнасць зноў марыць”.

"У кантэксце вайны марыць, змагацца за свае мары і быць паэтамі значна цяжэй. Але гэтыя маладыя людзі перадалі мне сваю мужнасць, я адчуў радасць ад таго, што яны нясуць жывога Хрыста ў сваіх вачах і сэрцах, і ад таго, што яны жадаюць быць пратаганістамі свайго жыцця, гісторыі і міру, якога мы так жадаем для Украіны”, – адзначыў біскуп Агіяр.

17 ліпеня 2023 года будучы кардынал наведаў Бучу, дзе ўбачыў “здольнасць да аднаўлення, да ўваскрасення”. Людзі вяртаюцца да нармальнага жыцця і, нягледзячы на вялікі смутак і боль, “імкнуцца не даць помсце завалодаць іх сэрцамі”, - падкрэсліў у інтэрв’ю біскуп Агіяр.

19 ліпеня 2023, 11:41