Пошук

Брат Алаіз, прыёр Тэзэ, падчас сустрэчы з Францішкам Брат Алаіз, прыёр Тэзэ, падчас сустрэчы з Францішкам  (Vatican Media)

Прыёр Супольнасці Тэзэ: Сінод павінен прыслухацца да ўсіх

У рамках Генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў, якая пройдзе ў кастрычніку ў Рыме, трэба гаварыць аб тым, “як жыць верай, каб яна была зразумелай людзям сучаснага свету”, - лічыць прыёр Супольнасці Тэзэ.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв’ю штотыднёвіку Sonntagsblatt аўстрыйскай дыяцэзіі Грац-Сэкау брат Алоіз падкрэсліў важнасць дыялогу перад абліччам вайны ва Украіне “з людзьмі, якіх мы ведаем у Расіі”. Ён патлумачыў, што многія пакутуюць ад падзелаў унутры касцёльных супольнасцей і сем’яў. Больш за тое, важна працягваць узбагачацца скарбамі Праваслаўных Цэркваў.

Папа Францішак запрасіў экуменічную супольнасць Тэзэ арганізаваць сустрэчу моладзі ў Рыме і вячэрнюю экуменічную малітву на плошчы святога Пятра непасрэдна перад пачаткам Сінода. Яна пройдзе 30 верасня 2023 года. Сусветны Сінод патрабуе “часу малітвы, цішыні і дыхання”, -патлумачыў брат Алоіз інтэнцыю набажэнства.

Ідэя экуменічнай малітвы Разам была вельмі станоўча ўспрынята абодвума кардыналамі Марыё Грэкам, генеральным сакратаром Сінода Біскупаў і кардыналам Куртам Кохам, прэфектам Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, - прызнаўся прыёр. Ён падкрэсліў, што Папа таксама вітаў гэтую ідэю.

“Для нас у Тэзэ гэта сустрэча выражае нашу глыбокую прыхільнасць да Папы, і, вядома, мы вельмі рады, што ён так клапоціцца пра экуменічны аспект сходу”, - адзначыў пратэстанцкі манах. Набажэнства павінна стаць духоўным імпульсам, а не платформай, на якой выстаўляюцца патрабаванні, - патлумачыў ён.

Для настаяцеля Супольнасці Тэзэ пытанне сінадальнасці датычыць таксама структур унутры хрысціянскіх супольнасцей і таго, як можна падзяліць адказнасць. “Як тэалагічны факт, што ўсе ахрышчаныя ўдзельнічаюць у супольнасці Касцёла, можа знайсці выяўленне ў жыцці Касцёла і яго структурах?” - пытаўся ён. Але нават калі структурныя пытанні важныя, ствараецца ўражанне, што Папа Францішак хоча пайсці яшчэ глыбей і фундаментальна спытаць, як вера магчымая ў наш час.

Гаворачы пра вайну ва Украіне, якую ў Расіі прадстаўляюць як вайну, якая вядзецца супраць падрыву класічных хрысціянскіх каштоўнасцей і заходняга лібералізму, брат Алоіс заўважыў, што Евангелле ніколі не можа апраўдаць насілле.
 

27 чэрвеня 2023, 11:59