Пошук

Чальцы міжнароднай праваслаўна-каталіцкай камісіі на папскай аўдыенцыі. 2021.10.07 Чальцы міжнароднай праваслаўна-каталіцкай камісіі на папскай аўдыенцыі. 2021.10.07   (Vatican Media)

Каталіцка-праваслаўная камісія прыняла кансэнсусны дакумент

1-7 чэрвеня 2023 года ў егіпецкім горадзе Александрыя праходзіла асамблея Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Рыма-Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Праваслаўныя і каталіцкія тэолагі прынялі дакумент пад назвай: Сінадальнасць і прымат у другім тысячагоддзі і сёння, над якім на працягу некалькіх гадоў вялася інтэнсіўная праца.

У сустрэчы пад старшынствам кардынала Курта Коха і мітрапаліта Ёва (Гетча) прынялі ўдзел прадстаўнікі дзесяці Праваслаўных Цэркваў і 18 каталіцкіх тэолагаў. У паведамленні па выніках працы гаворыцца, што Праваслаўная Царква Грузіі не згодная з некаторымі пунктамі тэксту.

У кансэнсусным дакуменце камісія па дыялогу сцвярджае, што Касцёл нельга разумець ні як піраміду, у якой прымас кіруе зверху, ні як федэрацыю самадастатковых Касцёлаў. Гістарычнае даследаванне сінадальнасці і першынства ў другім тысячагоддзі паказала, “што абодва погляды недарэчныя”. Таксама стала відавочным, што для рыма-католікаў сінадальнасць не павінна разумецца выключна ў сэнсе кансультацыі, а для праваслаўных першынства – гэта больш, чым проста ганаровы тытул.

У любым выпадку, з тэалагічнага пункту гледжання сінадальнасць і прымат павінны разглядацца як “узаемазвязаныя, узаемадапаўняльныя і непадзельныя рэчаіснасці”. Узаемазалежнасць сінадальнасці і першынства з’яўляецца фундаментальным прынцыпам у жыцці Касцёла.

Афіцыйны двухбаковы каталіцка-праваслаўны дыялог пачаўся ў 1980 годзе. Дагэтуль Камісія апублікавала сем кансэнсусных дакументаў: Таямніца Касцёла і Эўхарыстыі ў святле таямніцы Найсвяцейшай Тройцы (1982), Вера, сакрамэнты і адзінства Касцёла (1987), Сакрамэнт пасвячэння ў сакрамэнтальнай структуры Касцёла з асаблівай увагай да важнасці апостальскай пераемнасці (1988), Уніятызм: метад мінулага і сучаснага пошуку поўнай камуніі (1993), Касцёльная камунія, саборнасць і аўтарытэт (2007), Сінадальнасць і прымат у першым тысячагоддзі (2016), Сінадальнасць і прымат у другім тысячагоддзі і сёння (2023).
 

15 чэрвеня 2023, 11:39