Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Капелан шпіталя Джэмэлі: Папа вучыць перажываць хваробу з верай

Папа заклікае нас зразумець, што хвароба і цярпенні маюць каштоўнасць адкуплення, - падкрэсліў ксёндз Нунцыа Кураа, капелан медыцынскага персаналу бальніцы імя Агасціна Джэмэлі, у якой праходзіць лячэнне Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Францішак зрабіў блізкасць і ласкавасць галоўнымі стаўпамі свайго пантыфікату, а яго прастата ў перанясенні пакут спрыяе таму, каб успрымаць яго як хворага паміж хворымі”, - заўважыў італьянскі святар у інтэрв’ю Vatican News. На яго думку, пасланне Папы заключаецца ў тым, што пакуты – гэта частка жыцця, асабліва, пазначанага старасцю, з усімі наступствамі, якія гэта нясе за сабой.

“Аднак усё азараецца верай, і тады становіцца адкрытым на надзею і на канкрэтныя ўчынкі любові, якія патрабуюць менш слоў, а больш блізкасці, слухання і ласкавых жэстаў”, - дадаў ксёндз Кураа.

Духоўны асістэнт клінікі Джэмэлі, якую святы Ян Павел ІІ жартуючы называў “Ватыканам нумар 3” (пасля ўласна Ватыкану і папскай летняй рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа), бо вымушаны быў праводзіў там пэўны час і адтуль кіраваць Касцёлам, падкрэсліў таксама, што ў сувязі са сваёй шпіталізацыяй Францішак заклікаў вернікаў маліцца за яго. Ксёндз Кураа падзяліўся, што і прафесар Серджа Альф’еры, хірург, які аперыраваў Святога Айцец, прыходзіў да яго перад аперацыяй з просьбай аб малітве.

“Гэта значыць, што існуе пэўная духоўная сімфонія, якая заахвочвае нас пераадольваць з верай таксама і этап хваробы, як момант, які можа дапамагчы нам змяніць наша жыццё”, - сцвердзіў святар.

“Папа хоча навучыць нас таму, што таксама і гэты жыццёвы этап з’яўляецца каштоўным, бо жыццё мае каштоўнасць само па сабе, незалежна ад таго, наколькі з узростам слабее здароўе. Папа заклікае нас таксама зразумець, што хвароба і цярпенні маюць каштоўнасць адкуплення, збаўленчую каштоўнасць. Ён сваім сведчаннем вучыць нас таму, што таксама і цярпенню можна надаць сэнс, скіраваць гэты досвед у станоўчым напрамку”, - зазначыў ксёндз Нунцыа Кураа.
 

10 чэрвеня 2023, 10:31