Пошук

Кардынал Каміла Руіні Кардынал Каміла Руіні 

Кардынал Руіні: Ян Павел II навучыў мяне думаць маштабна

“Ян Павел II навучыў мяне думаць маштабна і верыць у сілу Евангелля. Яго мужнасць, пакора і самаахвяраванне не маюць сабе роўных", - успамінае кардынал Каміла Руіні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх 17 гадоў кіраваў Рымскай дыяцэзіяй ад імя Папы і 16 гадоў узначальваў італьянскі епіскапат па яго прызначэнні. Ён падкрэсліў, што Ян Павел ІІ быў вельмі зацікаўлены ў тым, каб яго дыяцэзія станавілася ўсё больш і больш евангелізацыйнай. Выразам гэтага сталі гарадскія місіі, пачатыя ў 1996 годзе.

Кардынал, які 16 мая 2023 года адзначыў 40-годдзе свайго біскупскага служэння, прызнаў, што салідная тэалагічная адукацыя, атрыманая ім падчас вучобы ў Рыме, вельмі дапамагла яму ў служэнні. Другі Ватыканскі Сабор ён перажываў з вялікім энтузіязмам і даверам, але пазней мусіў дыстанцыявацца ад паслясаборных спрэчак, якія, як ён прызнаўся, узнікла вельмі хутка.

Як і Ян Павел II, іерарх заўсёды быў уважлівы да ўплыву веры на шырокую культуру. Ён лічыць гэта вельмі важным, паколькі сёння масавая культура ўсё больш і больш аддаляецца ад хрысціянства і тым самым аказвае негатыўны ўплыў на людзей, адразаючы іх ад веры. Для таго каб змяніць сітуацыю, неабходна, перш за ўсё, падключыць свецкіх вернікаў, якія аказваюць уплыў на культуру і грамадскае жыццё.

Кардынал Руіні ўспамінае, што калі пачаўся цяперашні пантыфікат, ён ужо чатыры гады знаходзіўся на пенсіі, таму не мог працаваць непасрэдна з Францішкам. Аднак у той час ён усё яшчэ быў старшынёй Міжнароднай камісіі па Меджугор'і, і Папа быў вымушаны двойчы ўмешвацца па яго просьбе, каб спыніць тых у Ватыкане, хто хацеў, каб гэта камісія не завяршыла сваё расследаванне.

У інтэрв'ю парталу Romasette.it 92-гадовы кардынал таксама зазірае ў будучыню. Ён адзначае, што, строга кажучы, мы не можам уявіць, што будзе "потым", у нас няма такога досведу. Аднак самае галоўнае несумненна: мы назаўжды застанёмся з Богам Айцом і Езусам Хрыстом, а таксама з нашымі братамі і сёстрамі, якія, як мы верым, будуць збаўлены праз Божую Міласэрнасць.
 

18 мая 2023, 11:17