Пошук

Кардынал Дзяржсакратар П'етра Паралін і Прэм'ер-міністр Партугаліі Антоніу Кошту Кардынал Дзяржсакратар П'етра Паралін і Прэм'ер-міністр Партугаліі Антоніу Кошту  (ANSA)

Кардынал Паралін наведаў Фаціму і штаб-кватэру СДМ

12-14 мая 2023 года кардынал П’етра Паралін здзейсніў візіт у Партугалію. Ён узначаліў урачыстасці ў марыйным санктуарыі ў Фаціме і пазнаёміўся з ходам падрыхтоўкі да Сусветных дзён моладзі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Каля 300 тысяч пілігрымаў прынялі ўдзел у святой Імшы, якую Дзяржсакратар цэлебраваў 13 мая ў месцы, дзе ў 1917 годзе Багародзіца аб’явілася тром партугальскім пастушкам. У гаміліі ён заклікаў вернікаў з даверам углядацца ў постаць Езуса Хрыста і Яго Маці, нагадваючы, што для Касцёла гісторыя свету мае “шчаслівую будучыню” і Бог не аддаліўся ад чалавецтва.

Кардынал заўважыў, што ў фацімскім пасланні Панна Марыя заклікала да пакаяння і малітвы, якія сёння тэрмінова патрэбныя сучаснаму свету і павінны практыкавацца па-сапраўднаму. Дзяржсакратар звярнуў увагу на вялікае значэнне Эўхарыстыі ў жыцці католікаў, а таксама заклікаў быць міласэрнымі да бліжніх і наследаваць Багародзіцу ў адкрытасці на іншых людзей.

У размове з партугальскім каталіцкім радыё Renascença кардынал Паралін распавёў пра высілкі Апостальскай Сталіцы на карысць міру ва Украіне і нагадаў пра важнасць малітвы ў гэтай інтэнцыі.

“Вядома, што патрэбны дыпламатычныя намаганні. І мы таксама, Святы Пасад пад кіраўніцтвам Францішка, стараемся зрабіць свой унёсак і прыкласці ўсе высілкі, каб знайсці палітычнае і дыпламатычнае рашэнне гэтага крызісу. Але ў той жа час мы не павінны забывацца пра сапраўдную зброю, якую паказала нам Маці Божая: малітву і пакаянне. Таму я лічу, што зараз вельмі правільны момант для прабывання ў Фаціме”, - патлумачыў ватыканскі іерарх.

Дзяржсакратар падкрэсліў, што “ёсць шмат добрай волі, шмат дзейнасці, але не заўсёды атрымліваецца знайсці канкрэтныя шляхі для рэалізацыі мірных ініцыятыў”. “Я лічу, што адной з галоўных патрэб свету, таксама звязанай з вайной, з’яўляецца аднаўленне мінімуму даверу паміж краінамі”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

У Партугаліі кардынал Паралін сустрэўся з прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў. Разам з Прэм’ер-міністрам Антоніу Коштам ён адведаў штаб-кватэру арганізацыйнага камітэту Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць 1-6 жніўня 2023 года ў Лісабоне.

Партугальскі палітык заўважыў, што моладзевы форум стане цудоўнай магчымасцю сабрацца разам, калі ўвесь свет пазначаны канфліктамі і падзеламі, а таксама казаць пра мір у час вайны. Кардынал Паралін у сваю чаргу адзначыў важнасць Сусветных дзён моладзі для прасоўвання “культуры міру і мірнага суіснавання”, якая павінна характарызаваць свет, і заклікаў моладзь быць галоўнымі героямі перамен.
 

15 мая 2023, 09:39